Пасля рэпартажу «Белсату» камунальнікі зрабілі рамонт


Апроч тэмаў планетарнага маштабу, «Белсат» працягвае асвятляць штодзённыя праблемы беларусаў. Часта гэта камунальная тэма. Мінулагодні рэпартаж «Аб’ектыву» дапамог камунальнікам прыслухацца да жыхароў дому ў Докшыцкім раёне, але праблемы зліквідаваныя толькі часткова.

Падчас дажджу вада цячэ з даху пад дом і потым праз зямлю трапляе ў сутарэнне. З гэтай праблемай жыхар дому № 1 на вуліцы Горкага ў Крулеўшчыне, што ў Докшыцкім раёне, Барыс Пугаўка ўжо не адзін раз звяртаўся да камунальнікаў і мясцовых уладаў.

«У мяне і адказы вось ёсць, што ўсё зроблена. І бачнасць адводу вады зробленая. Насамрэч адводу вады не зроблена, як толькі ідзе дождж, вада праточваецца ў зямлю і ідзе ў падвал», – кажа Барыс Пугаўка.

Камунальнікі з гэтым не пагаджаюцца і сцвярджаюць, што праблему яны вырашылі.

«Бывае сапраўды пры вялікіх ападках, пры раставанні снегу з’яўляецца вада. Але для такіх момантаў мы і прадугледзелі помпу. Прыямак зрабілі, усё акуратна, і ніякіх пытанняў», – заўважае майстар Докшыцкай ЖКГ Тамара Цынковіч.

Пасля выхаду ў эфір нашага рэпартажу ў мінулым годзе ўлады сапраўды прыслухаліся да скаргаў жыхароў: адрамантавалі дах, зрабілі электраправодку ў падвале, усталявалі ў сутарэнні дому помпу для адвядзення вады. Гэта часткова вырашыла пытанне, бо ў сутарэнні ўсё адно вільготна – вада туды ўсё ж трапляе. Развязаць і гэтую праблему магчыма, упэўнены Барыс Пугаўка:

«Зрабіць адвод вады ад адмосткі дому і пракапаць равок такой глыбіні, каб вада не стаяла».

Але гэтае рашэнне праблемы знайшло сваіх праціўнікаў ужо сярод суседзяў: частцы жыхароў дому гэты равок перашкаджае апрацоўваць агароды, таму яны яго і засыпаюць. Ад уладаў Барыс Пугаўка хоча толькі аднаго: каб яны прымусілі гэтых жыхароў не парушаць жыллёвага заканадаўства.

Зміцер Лупач, belsat.eu