Пасля рамонту цепласетак у Маладзечне размыла дарогу – і вось як яе латаюць


Дарога каля дому на вуліцы Чкалава, 12 у Маладзечне. 28 снежня 2019 года. Фота – «Белсат»

Каб жыхару дому на вуліцы Чкалава, 12 у Маладзечне дайсці да крамы, школы або прыпынку, трэба пераадолець паласу перашкодаў. Такая дарога ўтварылася пасля будаўнічых працаў па рэканструкцыі цепласетак. Па гэтай жа дарозе дзеці ўжо не першы месяц ходзяць у школу, і калі нічога не зменіцца – пойдуць і пасля вакацыяў.

Бездарожжа ўзнікла пасля таго, як грунтавую дарогу размыла дажджамі. На гэты момант адзінае, што магчыма зрабіць, – падлатаць дарогу пяском.

«Прыйдзе тэхніка – будзем грэйдарам сцягваць і засыпаць ужо. Зробім нейкі часовы праезд, бо добраўпарадкаванне будзе толькі ўвесну, калі будуць спрыяльныя ўмовы. Будзе праход прынамсі для пешаходаў, пакуль пліты мы не прыбіраем. І будзе праезд для машынаў, нармальны зробім», – тлумачыць майстар Станіслаў Тарлоўскі, які працуе на ўчастку.

Ратаваннем для людзей, якія вымушаныя карыстацца дарогаю, стаўся часовы ходнік з каменных плітаў. А вось ратавання для машынаў на гэты момант няма.

Жыхары скардзяцца:

«Нават хуткая, таксі не можа ехаць сюды, яны падвозяць – вунь, на Маўчанскага, бо сюды праезд недаступны».

«Лужа на лужы, яміна на яміне, асвятлення няма, ну дык як хадзіць?»

«Плаваем кожны дзень. Да сметніцы не дайсці, да крамы… Ідзём кругам, праз школьны стадыён».

У інтэрв’ю парталу «Край.бай» Канстанцін Манюк – дырэктар арганізацыі, якая мелася добраўпарадкаваць тэрыторыю на Чкалава, – сказаў, што грошай на гэта няма. Таму новы асфальт і якаснае асвятленне ўдасца зрабіць не раней за вясну.

Але эксперты мяркуюць, што складваць рукі і мірыцца з брудам пад вокнамі не варта.

«Думаю, калектыўная праца, ініцыятыўная група, якая зацікаўленая рашэннем дадзенага пытання і падштурхне ўлады адшукаць суму для вырашэння праблемы. А менавіта: збор подпісаў, чым больш, тым лепш, сустрэча на выездах з кіраўнікамі адміністрацыяў, віцэ-прэмʼерам», – раіць жыхарам Уладзімір Навасяд з «Эфектыўнага кіравання будынкамі».

Падчас здымак сюжэту працы на ўчастку сапраўды пачаліся. Тэхніка расчысціла гразевыя лужыны і засыпала дарогу пяском.

Рэпартаж Алены Дубовік глядзіце ў поўным выданні навінаў за 28 снежня