Пасля 6 гадоў перапынку NASA бяспечна высадзіла на Марсе касмічны зонд


Ён будзе вывучаць Марс і перадаваць навукоўцам звесткі пра Чырвоную планету. Пасля шасцігадовага перапынку NASA высадзіла на Марсе касмічны зонд. «Mars InSight» уладкаваўся на паверхні планеты і дасылае першыя здымкі.

У лабараторыі рэактыўнага руху NASA у Каліфорніі – выбух эмоцыяў. Каманда не магла атрымліваць інфармацыі пра стан апарата «Mars InSight» у рэальным часе, бо сігнал ад Марсу да Зямлі ідзе некалькі хвілінаў. Пасля паспяховага прызямлення касмічнага зонда на паверхні Чырвонай планеты інжынеры ўздыхнулі з палёгкаю. Заданне было няпростае, ёсць з чым віншаваць. Кажа Том Гофмэн, менеджар праекту NASA:

«Калі мы нарэшце атрымалі пацверджанне пра пасадку, гэта было неверагодна захапляльна. Увесь пакой проста звар‘яцеў».

Апарат NASA ляцеў да Марсу амаль сем месяцаў і за гэты час пераадолеў у космасе ледзь не пяцьсот мільёнаў кіламетраў. Цягам двухгадовай місіі абсталяваны сейсмографам і геафізічным тэрмометрам «Mars InSight» будзе даследаваць будову і тэмпературу нетраў Марсу. Прыладу для гэтага дапамагла збудаваць польская фірма «Астраніка». Лукаш Вісьнеўскі, інжынер польскай фірмы «Astronika», распавядае:

«Марс вельмі падобны да Зямлі. Але яго планетарнае ядро часткова пагасла. Элемент зонда, да будовы якога мы спрычыніліся, дазволіць акрэсліць тэмпературу ядра».

Цягам наступных некалькіх тыдняў інжынеры NASA будуць правяраць стан усіх элементаў зонда. Затым пачнецца асноўная частка місіі – даследаванне. «Mars InSight» таксама перадае на Зямлю здымкі. Першы з іх невыразны, бо на аб’ектыве камеры зонда засталася вокладка. Гаворыць Брус Бэнэрт, навуковы працаўнік «Mars InSight»:

«Мы бачылі ўжо ўсе гэтыя чорна-белыя здымкі з Месяцу. А гэтая ярка-чырвоная выява з Марсу – першы здымак з іншай планеты, зроблены гэтым зондам».

«Ціхая прыгажосць. З нецярпеннем чакаю знаёмства з маім новым домам», – так у сацыяльных сетках NASA падпісала апошні здымак, зроблены зондам. Да гэтага часу толькі палова з зямных караблёў здзейсніла пасадку на Марс бяспечна. Другая палова разбілася.

Ганна Мордань, belsat.eu

Фота: NASA / Bill Ingalls / Handout / FORUM