Парушаюць правы аднаго – церпіць усё грамадства


250 чалавек выйшлі ў Берасці на акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу «iPower». Тэму шкоднай для здароўя і экалогіі вытворчасці падымалі сёння і ў Менску, напярэдадні Сусветнага дня правоў чалавека. Праваабаронцы раздавалі мінакам спецвыпуск «Народнай Волі», прысвечаны барацьбе беларусаў за права жыць на экалагічна чыстай тэрыторыі.

З моманту прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека мінула семдзесят гадоў. У той жа час у пытанні свабодаў Беларусь застаецца шэрай зонай.

«У нас ёсць палітычныя зняволеныя, у нас ёсць смяротнае пакаранне, у нас забараняецца магчымасць выказваць сваё меркаванне. Мітынгі, сходы фактычна правесці амаль немагчыма», – кажа праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Улады ўвесь час адмаўляюць у праве на пікетаванне нават у экалагічных пытаннях – абароны навакольнага асяроддзя ды свайго здароўя.

«Мітынгі і пікеты, якія заяўляюцца ў Берасці з прычыны пабудовы акумулятарнага заводу, ці ў Светлагорску з прычыны пабудовы заводу беленай цэлюлозы – яны пастаянна забараняюцца», – нагадвае Бяляцкі.

У гадавіну прыняцця дакументу ААН, які рэгулюе правы чалавека ды іх прымяненне, праваабаронцы ў Менску раздавалі выданне «Народнай волі», прысвечанае барацьбе грамадзянаў за свае асноўныя правы. Праблемы адсутнасці свабоды ў краіне прызнаюць і мінакі:

«Я заўважаю, што гэта на кожным кроку. Людзей ні за што могуць пасадзіць у турму, могуць адабраць маёмасць, могуць навязаць велізарныя штрафы».

«У нас абмяжоўваюць нашыя правы на свабоду слова, адкрыта выказваць свае думкі ты не маеш права».

«Пра якія правы можна казаць, калі людзей могуць забраць за беларускую сімволіку?»

Як лічаць праваабаронцы, адсутнасць свабоды слова, эканамічных ды іншых асноўных правоў чалавека ў Беларусі не дазваляе пабудаваць забяспечанага грамадства.

«Ад таго, што парушаюцца правы чалавека, пакутуюць усе людзі, не толькі тыя, чые правы парушаюцца. Гэта адбіваецца на ўсім грамадстве», – кажа валанцёр Юрый Мяцельскі.

Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека прыняла і абвясціла Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Гэта адбылося 10-га снежня 1948-га года ў Парыжы. Тады восем краінаў – чальцоў ААН устрымаліся ад галасавання за прыняцце дакументу. Сярод іх – Савецкі Саюз.

Ганна Мордань, Белсат