Паркоўкі або дзіцячыя пляцоўкі? У Серабранцы рэканструююць двор


Колькасць парковак павялічыць, праезную частку пашырыць, а дзіцячыя пляцоўкі перанесці. Гэткія змены, згодна з планам рэканструкцыі, рыхтуюцца ў двары дому на праспекце Ракасоўскага шэсцьдзесят, корпус 1. Частка мясцовых жыхароў не згодная.

Мясцовая жыхарка Юлія Мядведзева кажа:

«Тут вельмі шмат збіраюць смецця прыбіральнікі, вельмі любяць коцікі з сабачкамі гуляць. І самі разумееце, што тут можа адбывацца».

За перанос дзіцячай пляцоўкі ў лепшае месца жыхары двара збіралі подпісы. Дзіцячую пляцоўку размесцяць на адлегласці ад шасці да дзесяці метраў ад дому 58. На гэтым месцы поўна недакуркаў ды іншага смецця, якое, выглядае, выкідаюць з вокнаў жыхары. План рэканструкцыі не ўлічвае пажаданняў усіх жыхароў, кажуць мясцовыя. Парковак стане шмат, але на шкоду людзям. Пасля рэканструкцыі небяспечным будзе і шлях дзіцяці на пляцоўку.

«Ён павінен прайсці гэтую дарогу, потым прайсці паркоўку і толькі потым трапіць на дзіцячую пляцоўку. Захады бяспекі дзе нашыя?», – не разумее мясцовая жыхарка Зінаіда Міхайлава.

Паркоўку пашыраць на 179 машынамесцаў. Кіроўцы, натуральна, задаволеныя.

«Стаянкі больш патрэбныя!»

«Вядома, не стае. Паглядзіце, колькі машын наўкол».

Архітэктарка Ніка Пятрухіна, якая ўдзельнічае ў распрацоўванні генпланаў, вывучыла план рэканструкцыі двара і кажа, што адлегласць ад вокнаў да пляцоўкі будзе шэсць метраў.

«Тут у нас 6 метраў. Ну, невялікая адлегласць, вядома, да вокнаў».

Але такая адлегласць адпавядае нарматывам. Хоць, са словаў архітэктаркі, калі б да арганізацыі дваровай прасторы падышлі па-іншаму, месца для дзяцей знайшлося б не пад вокнамі жылога дому.

«Можна было б яе зрушыць куды-небудзь бліжэй да цэнтру. Праблему з паркоўкамі можна было б развязаць нейкім іншым спосабам: напрыклад, размясціць іх у тарцах дамоў. Або, у першую чаргу, праблему парковак спрабуюць развязаць, развіваючы грамадскі транспарт», – мяркуе Ніка Пятрухіна.

Атрымаць каментар у дырэктара камунальнай гаспадаркі Ленінскага раёну Любові Букаткінай нам не ўдалося. Аднак раней Любоў Букаткіна каментавала сітуацыю парталу TUT.by і казала:

«Усе санітарныя нормы ў праекце выкананыя. Праект узгоднены з усімі зацікаўленымі. Там вельмі прыгожы двор атрымліваецца».

Пад патрабаваннем перагледзець праект рэканструкцыі жыхары сабралі 80 подпісаў, аднак у ЖКГ ім адказалі, што пераглядаць немэтазгодна. «Немэтазгодна», – адказалі ім у ЖХК.

Алена Дубовік, «Белсат»