Пара абараняцца. У Беларусі прачнуліся кляшчы

Зіма ў Беларусь так і не прыйшла! У лютым распусціліся першацветы і вярнуліся з выраю птушкі. І прачнуліся кляшчы.

Ганна са сваім гоўлдэн рэтрывэрам Полі – аматары доўгіх шпацыраў па лясах і па пустцы за домам. Пасля адной з такіх прагулак Ганна выявіла на сабаку непрыемную знаходку.

«Калі мыла, на задняй лапе я пабачыла кляшча. Адразу нават не зразумела. Падумала, што гэта бруд. Прыгледзелася – аказаўся клешч. Ён быў вялікіх памераў. Зблытаць яго з павучком ці мурашом было немагчыма», – распавядае гаспадыня Полі Ганна Морква.

Для Ганны было поўнаю нечаканасцю ў сярэдзіне лютага пабачыць жывога кляшча. І гэта не адзіны выпадак. Падобныя знаходкі фіксаваліся і на пачатку месяца. Паводле загадчыцы лабараторыі паразіталогіі ў Навукова-практычным цэнтры біярэсурсаў Елізаветы Бычковай, усяму віной анамальна цёплае надворʼе.

«Гэта зʼява звычайная для такой зімы. Хвалявацца на гэты конт не варта. Агрэсіўнасць іх не павялічыцца. Павялічыцца перыяд, калі людзі будуць сутыкацца з імі ў прыродзе», – тлумачыць доктар біялагічных навук, прафесар Елізавета Бычкова.

Пакуль вядомыя выпадкі абуджэння лугавога кляшча, што больш небяспечны для жывёлінаў, кажа адмыслоўца.

«Гэта не значыць, што лясныя кляшчы, Ixodes persulcatus, не прачнуліся. Яны таксама прачнуліся і таксама могуць нападаць на чалавека», – зазначае доктар біялагічных навук, прафесар Елізавета Бычкова.

Варта ўжо цяпер паклапаціцца пра індывідуальныя сродкі абароны ды апрацоўванне сваіх гадаванцаў. Гэта адразу зрабіла і Ганна.

«На наступны дзень я пайшла набыла таблетку і адразу дала. Гэта вельмі небяспечна. Полі перахварэла два разы піраплазмозам. Паўтарэння не хочацца зусім», – кажа гаспадыня Полі Ганна Морква.

У выпадку ўкусу кляшча чалавеку неабходна неадкладна звярнуцца па медычную дапамогу. У 97 адсотках выпадкаў Лайм-барэліёз выяўляюць у асобаў, якія праігнаравалі хімічную прафілактыку пасля ўкусу. Папярэдзіць хваробу лепей, чым пасля лекавацца. Сваім гадаванцам у любой ветэрынарнай аптэцы набудзьце сродак, які гарантуе абарону на працяглы час. Сабе вазьміце за звычку аглядаць цела пасля кожнага наведання лесу ці парку.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»

Глядзі таксама