Палова хворых на COVID-19 лечыцца ўдома


Міністэрства аховы здароўя заклікала беларусаў не ехаць да пажылых сваякоў на доўгія травеньскія выходныя, каб не заражаць іх каронавірусам. Колькасць інфікаваных расце на 10 адсоткаў штодня. Пры гэтым амаль палова хворых на Ковід-19 лечыцца дома.

Амаль 13 адсоткаў ад усіх хворых – выздаравелі. Поспехамі ў барацьбе з каронавірусам сёння падзялілася айчыннае Міністэрства аховы здароўя.

«Агульная колькасць выяўленых выпадкаў – 8773 чалавекі з пазітыўным тэстам на інфекцыю. Агулам нашая сітуацыя працягвае характарызавацца як цалкам кантраляваная», – паведаміла намесніца Міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Прадстаўніца ведамства заявіла, што Беларусі ўдаецца стрымліваць рост захваральнасці, але пры гэтым чыноўніца сёння адмовілася адказваць на пытанні журналістаў. Пры гэтым у пераліку на душу насельніцтва лік хворых у нас большы, як ува ўсіх нашых суседзяў. Улады краіны кінулі кліч пра дапамогу. Першы гуманітарны канвой прыбыў сёння з Польшчы. Гэта шэсць цяжкавікоў з дзясяткамі тысяч літраў дэзынфекцыйных сродкаў, масак і тысяча адзінак лекаў.

«Наколькі ведаю, Польшча першая адгукнулася на просьбу дапамагчы. Адтуль – нашыя ратаўнікі, бо цяжкавікі і персанал абслугоўвання належаць польскай дзяржаўнай пажарнай службе, якая тэхнічна паспрыяла ў дастаўцы дапамогі», – паведаміў генеральны консул Польшчы ў Горадні Ярослаў Ксёнжэк.

Частку гуманітарнага грузу даставілі ў Гарадзенскі абласны інфекцыйны шпіталь, сродкі адтуль выдаткуюць таксама для Воранава. Дапамога пойдзе на апрацоўванне боксаў і памяшканняў, дзе месцяцца пацыенты з каронавірусам.

«Пандэмія каронавіруса закрыла межы, аднак яна яднае людзей, і гэтая дапамога, якая паступіла сёння на Гарадзеншчыну, вельмі своечасовая і дапаможа нашым працаўнікам у барацьбе з каронавірусам», – распавёў галоўны доктар Гарадзенскага інфекцыйнага клінічнага шпіталю Сяргей Ціхановіч.

Рэшта цяжкавікоў прыбыла ў Менск, адкуль яе размяркуюць паміж сталіцаю ды іншымі гарадамі краіны. Гатовасць дапамагчы медыкаментамі выказала і Літва.

«Мая мэта была [перадаць дапамогу], калі ёсць якія-небудзь спосабы дапамагчы беларускаму боку змагацца з каронавіруснай пагрозай, мы гатовыя зрабіць гэта і нашымі парадамі, і сродкамі», – сказаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Тым часам Менскі трактарны завод запланаваў перапынак – 3 1 да 10 траўня – для нібыта дэзынфекцыі. Пра гэта, а таксама аб прынамсі 36 хворых на COVID-19 нам паведамілі працаўнікі прадпрыемства. Кіраўніцтва айчыннага флагману цягам дня не здолела пракаментаваць сітуацыі. Працаўнікі заводу адзначаюць:

«Кажуць, што загад зверху, у абавязковым парадку, на тыдзень».

«Кажуць, надта мы запрацаваліся, трэба адпачыць троху».

«На бальнічны людзі ходзяць, аднак чаму і як, не кажуць проста».

Затое заўтрашні агульнабеларускі суботнік мае прайсці паводле плану. Ці далучацца да яго сталічныя мінакі?

«Не пайду, катэгарычна. Столькі хворых людзей. Я лічу, што ў гэты перыяд часу людзі мусяць быць удома».

– На суботнік? Напэўна, пайшла бы, трэба далучыцца да таго, каб зрабіць акуратным свой горад.

– А каронавіруса не баіцеся? Цяпер усё ж такі пандэмія. Увесь свет змагаецца, сядзяць удома.

– Не, не баімся. Не кранула пакуль блізкіх нікога.

«Я не супраць суботнікаў, але супраць, напэўна, правядзення яго цяпер».

Працягвае біць рэкорды ў колькасці хворых таксама Расея. За апошнія содні там амаль 6 тысячаў новых выпадкаў заражэння. А вось Іспанія, імаверна, пераадолела пік захваральнасці, адзначаюць тамтэйшыя медыкі. Статыстыка выпісак са шпіталяў ужо перавышае колькасць выпадкаў шпіталізацыі. А статыстыка смерцяў самая нізкая з 20 сакавіка.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum