Палітолаг Сяргей Нікалюк: подпісы ў першую чаргу збярэ той, каму дазволіць улада

Сцягі і партрэты, лозунгі і прамовы – гэткую карціну ў людных месцах мы будзем назіраць цягам наступнага месяца. Сёння распачаўся новы этап выбарчай кампаніі – ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва збіраюць подпісы для вылучэння ў кандыдаты.

«Мы атрымалі толькі пару гадзін таму ўсе неабходныя дакументы для збору подпісаў, таму выйшла толькі па адной групе ў кожным буйным горадзе – у Менску і іншых абласных цэнтрах. Але ўжо сёння ў мяне ўжо ёсць 307 подпісаў», – распавядае прэтэндэнтка на прэзідэнцтва Ганна Канапацкая.

Займаюцца зборам подпісаў ініцыятыўныя групы, зарэгістраваныя ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Кожны з пятнаццаці прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта мае сабраць у сваё падтрыманне не менш за 100 тысяч подпісаў. А кожны беларус можа аддаць свой подпіс за некалькіх прэтэндэнтаў. За каго падпісаліся б менчукі?

«За Бабарыку пайшоў бы паставіў подпіс».

«Цапкала. Мне ён спадабаўся знешне, і ўвогуле талковы чалавек».

«У першую чаргу, напэўна, за Канапацкую, бо яна ўжо вядомая, праявіла сябе і не толькі словамі, але і дзейнасцю».

«Напэўна, Аляксандр Рыгоравіч. Таму што прывыклі мы да яго».

«Не ўяўляю, за каго, але дакладна супраць нашага вялікага дзядзі, які ўжо кучу гадоў пры ўладзе».

«Можна ж і за ўсіх ставіць, няхай усе спаборнічаюць».

Але ў каго з прэтэндэнтаў ёсць рэальны шанец перамагчы ў гэтым спаборніцтве? Палітолаг Сяргей Нікалюк лічыць:

«Подпісы збярэ, па-першае, той, каму дазволіць гэта зрабіць улада, бо аказацца без спарынг-партнёра яна не можа ў прынцыпе. Што датычыць дэмакратычных кандыдатаў, я думаю, шанцаў у іх вельмі няшмат. Не трэба тлумачыць, што каронавірус гэтаму не паспрыяе».

Пандэмія дадае непрадказальнасці вынікам выбарчай кампаніі, адзначае палітолаг. І не толькі таму, што подпісы збіраць будзе складаней, а яшчэ і таму, што невядома, чым скончыцца адрозны беларускі шлях у змаганні з інфекцыяй і як гэта паўплывае на імідж Аляксандра Лукашэнкі. Выбары ж маюць адбыцца ва ўмовах працяглага пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне.

«Пачынаючы з 2006 года беларуская мадэль паціху дэградуе, яна свой пік прайшла. Я ўжо не раз казаў, што за апошнія 9 гадоў у нас тэмпы росту 1,1 % без усялякага каронавіруса», – адзначае Сяргей Нікалюк.

Але ў беларускім палітычным полі з’явілася месца для «кандыдата надзеі», кажа палітолаг. І нават калі кіраўнік краіны пасля выбараў не памяняецца, то пытанне «хто, калі не ён?» ужо не застанецца без адказу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама