Пакупніцкая здольнасць беларусаў у пераліку на «чаркі і скваркі» б'е рэкорд


Цяпер беларусы могуць дазволіць сабе больш – прынамсі чарак і скварак. Пра гэта цвердзяць вынікі даследавання экспертаў цэнтру BIPART і праекту «Кошт ураду» пад назваю індэкс «ЧаркіСкваркі», што вызначае пакупніцкую здольнасць сярэдняга заробку ў пераліку на 100 грамаў гарэлкі і 100 грамаў свініны. Гэтак, па выніку другога кварталу сёлета, індэкс дасягнуў гістарычнага максімуму – 415 порцыяў.

Жанна Кулакова, аналітык, «Кошт ураду»:

«Так, сапраўды, калі пералічваць беспасярэдне на гарэлку і свініну, то пакупніцкая здольнасць заробкаў беларусаў вырасла. Аднак усё ў канчатковым выніку залежыць ад прадуктовага кошыку кожнай канкрэтна абранай сям’і. То бок усе мы купляем розныя тавары, карыстаемся рознымі паслугамі ды кошты на іх змяняюцца па-рознаму».

Кошты на гарэлку і свініну ў Беларусі растуць павольней, чым на іншыя прадукты. А таму праектаваць індэкс на ўсіх беларусаў не варта, адзначае аналітык Жанна Кулакова. Да ўліку варта ўзяць і тое, што кошты на такія падставовыя харчы, як бульба, малако, рыба і хлеб, – павялічыліся. Дык ці заўважылі паляпшэнне дабрабыту беларусы?

«Не ем свініны, не пʼю гарэлкі, таму не адчуваю».

«Можна штосьці лішняе купіць. З прадуктаў, з рэчаў».

«Не. Я не адчула, бо вельмі складана. Вось цяпер дзяцей збіралі ў школу, не магу нават набыць усё, што патрэбнае дзецям».

«Не. – Чаму? – Бо кошты растуць, а заробак меншы становіцца», – кажуць жыхары Берасця.

Паводле падлікаў «Белстату», рэальныя прыбыткі беларусаў павялічыліся больш, чымся на 7 адсоткаў з пачатку года. Аднак чаго чакаць далей, пры ўліку павелічэння інфляцыі? У ліпені яе паказнік склаў 6 адсоткаў, што перавышае запланаваны Нацбанкам паказнік на канец года.

Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары»:

«Кошты павялічвацца будуць. У нас інфляцыя не нулявая, не адмоўная, аднак тут можна пагадзіцца з Нацыянальным банкам, што да канца года павелічэнне цэнаў будзе запавольвацца. Нацбанк плануе, што да канца года інфляцыя ў гадавым вымярэнні апынецца ў межах 5 адсоткаў, але рэчаіснасць можа быць нязначна горшая».

Між тым, нават пры запавольванні інфляцыі, рэчаіснасць не ўсіх беларусаў застаецца аднолькава пазітыўная. Як адзначаюць аўтары даследавання, калі палічыць той жа індэкс «ЧаркіСкваркі» не паводле сярэдняга, а медыяннага заробку – узроўню, ніжэй і вышэй за які зарабляе палова насельніцтва, – за вылікам падаткаў у сярэднестатыстычнага беларуса застанецца толькі 267 чарак і скварак.

Юлія Лабанава, belsat.eu