«Пакуль гэтая ўлада будзе, яго ніхто шукаць не будзе». 19 гадоў таму знік Зміцер Завадскі


Аператар Зміцер Завадскі знік пасярод летняга дня ў сталічным аэрапорце 19 гадоў таму. Аднак за гэтыя гады праваахоўныя органы краіны так і не выявілі ні арганізатараў злачынства, ні што насамрэч здарылася са Змітром.

Раніцаю 7 ліпеня 2000 года Зміцер Завадскі выехаў у Нацыянальны аэрапорт каля Менску, каб сустрэць свайго калегу, журналіста Паўла Шарамета. Ягоны аўтамабіль знайшлі на паркінгу, а самога Змітра больш ніхто не бачыў. На момант знікнення журналісту было 27 гадоў, працаваў аператарам у карпункце расейскага тэлебачання ў Беларусі. Яшчэ раней – на беларускім тэлебачанні, і Змітра называлі асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі. Ці памятаюць Змітра Завадскага сёння і што ведаюць пра ягонае бясследнае знікненне, цікавімся ў жыхароў Менску.

«Ён прапаў без вестак у аэрапорце, наколькі я ведаю. На гэты момант ягонае знаходжанне не выяўленае, гэтаксама, як і абставіны ягонага знікнення. Вядома пра рыдлёўку з крывёю і з улікам таго, што следства вядзецца гэтулькі гадоў, можна меркаваць, што да гэтай справы датычныя асобы высокага маштабу».

«Мы мала ведаем, бо вельмі многія хочуць, каб мы мала ведалі. Каб гэта трэба было ўладзе – усё б мы даўно ведалі».

ВІДЭА
19 гадоў таму бясследна знік аператар Дзмітрый Завадскі
2019.07.07 13:19

«Пакуль гэтая ўлада будзе, яго ніхто шукаць не будзе, я вам сто адсоткаў даю. Пакуль у гэтым ніхто не зацікаўлены, гэта вы цудоўна ведаеце і без мяне».

У выніку расследавання Менскі абласны суд у 2002 годзе прызнаў вінаватымі ў выкраданні Змітра Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча, які разам з саслужыўцам Максімам Малікам атрымалі пажыццёвае зняволенне, іншыя – 12 і 25 гадоў турмы. Зміцер Завадскі часова працаваў у Чачэніі, дзе і сустракаў беларускіх алмазаўцаў. Помста за рэпартаж Змітра са згадкаю пра ўдзел беларускіх сілавікоў у баях у Чачэніі – адная з версіяў знікнення аператара. Але далей расследаванне чамусьці не пайшло, што асабліва ўражвае блізкіх і сяброў Змітра.

«Следства не можа або не хоча даць адказ на пытанне, калі гэтыя двое прызнаныя судом вінаватымі ў выкраданні чалавека, дзе чалавек. Дзе цела Дзімы, дзе сам Дзіма, калі ён жывы? Гэта абсалютная паўмера: мы прызнаём вінаватымі гэтых людзей у выкраданні і далей «умываем рукі» ды больш справаю не займаемся, вось у чым трагедыя», – кажа Дзмітрый Наважылаў, калега Змітра Завадскага.

Паколькі цела памерлага не знайшлі, то фармальна пошукі не завершаныя, кажуць адмыслоўцы. Аднак справа перыядычна прыпыняецца, а на звароты сваякоў у праваахоўныя органы ім адмаўляюць у праве азнаёміцца з матэрыяламі следства. Таму шмат хто перакананы: сапраўдныя злачынцы, вінаватыя ў знікненні Змітра, застаюцца на свабодзе.

«Ну чаго вы баіцеся? Праўды? Замешанасці ўладных структураў, спецслужбаў – гэта ж усім відавочна. Таму і збеглі два працаўнікі пракуратуры ў Амерыку, якія ўсё і распавялі: начальнік следчага ізалятару Алкаеў, некалькі работнікаў КДБ уцяклі ў Нарвегію, асцерагаючыся, што іх таксама могуць скрасці і знішчыць», – кажа кіраўнік цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

Палітыкі і грамадскія актывісты з удзелам маці, жонкі ды сына Змітра Завадскага праводзілі шэраг вулічных акцыяў, у тым ліку «Ланцуг неабыякавых людзей» з патрабаваннем дасканала расследаваць справу. Таксама Еўразвяз прызнаў, што ў знікненні аператара, а таксама палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі ды бізнесоўца Анатоля Красоўскага падазраваныя – высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі, і прыняў для іх персанальныя санкцыі.

Галіна Абакунчык, «Белсат»