«Пакед, пакет!»: модны паказ ля смеццевага палігону


Вінтажная вопратка ды авоські замест пакетаў. 15 модных брэндаў з дапамогаю беларускіх знакамітасцяў прэзентавалі свае летнія вобразы. Фэшн-паказ – частка акцыі «Пакед, пакет!» «Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў».

«На чалавека каля 400 пакетаў за год утвараецца. Гэта сярэдняя лічба, але калі кожны з нас возьме на адзін пакет менш, то мы істотна зменшым колькасць пакетаў», – кажа кіраўніца дзяржаўнага прадпрыемства «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля Грынцэвіч.

Модны паказ адбыўся на тэрыторыі заводу для перапрацоўвання смецця. Штогод тут адбіраюцца прыблізна 30 тонаў другаснае сыравіны. Але гэта складае толькі траціну ад усяго смецця, якое трапляе на завод. Рэшту вязуць на суседні палігон «Трасцянецкі».

«Калі ты прыязджаеш непасрэдна на завод па перапрацоўцы смецця і бачыш, які жах тут, які трэш тут у рэальнасці, гэта тое, што пакідае пасля сябе пакаленне спажыўцоў, то бок мы з вамі і рэальна пасля гэтага, пасля таго, што ты пабачыў, і калі ты прыйдзеш у краму, ты падумаеш лішні раз, ці варта мне браць гэты лішні пакецік», – кажа ўдзельніца паказу тэлерадыёвядоўца Вольга Венская.

Арганізатары запрасілі таксама брэнды, якія падзяляюць ідэю скарачэння смецця. Як, напрыклад «My muse vintage».

«Мы робім спецыяльную лінію вопраткі – рэсайклінг-вопратка, перапрацаваная. Напрыклад, на мне можаце бачыць кашулю, гэта вінтажная кашуля, але расфарбаваная, такім чынам мы даём рэчы другое жыццё», – гаворыць Дар’я Рэўт, другая віцэ-місіс свету-2017 і адна з уласніц брэнду «My muse vintage».

Усе плеценыя торбы створаныя людзьмі з інваліднасцю зроку ў межах сацыяльнага праекту «Добрая авоська».

«Ёсць татальна сляпыя людзі, ёсць людзі з рэшткамі зроку, але ў прынцыпе гэты выраб вельмі камфортны ў вытворчасці. То бок у іх вельмі чуллівыя рукі, плятуць адмысловымі прыладамі, ёсць чаўнок, ёсць дошка для фіксацыі», – распавядае Вольга Адуцкевіч, кіраўніца УП «Фільтр» ГА «БелТІЗ».

Арганізатары паказу ладзяць таксама бясплатныя экскурсіі на завод для перапрацоўвання смецця і палігон «Трасцянецкі». У планах прадпрыемства – прасоўваць ідэю скарачэння колькасці аднаразовага посуду і ўвядзення платы за пластыкавыя пакеты ў крамах.

«Вялікія пакеты з ручкамі, у якія мы складваем, як правіла, свае пакупкі, у нас перапрацоўваюцца. Але ў абмежаванай колькасці. Калі казаць пра маленькія фасаваныя пакеты, то яны на гэты момант не перапрацоўваюцца», – кажа кіраўніца дзяржаўнага прадпрыемства «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля Грынцэвіч.

У шмат якіх еўрапейскіх краінах за аднаразовыя фасаваныя пакеты ў супермаркетах ужо трэба плаціць. У Беларусі пакуль у многіх гандлёвых сетках пластыкавыя пакеты бясплатныя. Альтэрнатываю фасовачнаму пакету можа стаць такая шматразовая торба. Усё больш моладзі цяпер выкарыстоўвае яе для садавіны, гародніны ды арэхаў. Плюсы відавочныя: такая торба будзе служыць гадамі.

Наста Кахановіч, belsat.eu