Пакараныя папярэджаннямі: «даюць жорсткі прысуд ці не – незадаволенасць ужо ёсць»

Штрафы, содні арышту і папярэджанні – дзясяткамі. Надалей судзяць удзельнікаў ланцуга салідарнасці 19 чэрвеня. Працэсы адбываюцца ў розных судах, але выглядаюць падобна.

«Усе сведкі – тыя самыя людзі. Проста два амапаўцы, і яны кажуць аднолькавыя рэчы: «Я там быў, я гэтага чалавека бачыў, у яго на твары была маска, але я ведаю, што гэта ён. Я паглядзеў на фотаздымак у пашпарце і я ведаю, што так, гэта ён», – распавядае назіральнік Кірыл Шарокўскі.

Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру «Вясна», толькі ў Менску падчас ланцугоў салідарнасці затрымалі больш за 260 чалавек. Суды над часткаю затрыманых ужо адбыліся. Цяпер судзяць тых, каго адпусцілі праз некалькі гадзінаў пасля затрымання, склаўшы пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Затрымалі насупраць цырку, прывезлі ў цэнтральны РУУС, напісалі што гэта быў «Макдоналдс», – кажа пакараны папярэджаннем у судзе Цэнтральнага раёну Менску Ян Булгакаў.

«Затрымалі незразумела за што, доўга не тлумачылі, бо сам мітынг мы не наведвалі і знешніх прыкметаў, што гэтае мерапрыемства было мітынгам, таксама не было», – тлумачыць Андрэй Гацак, якога пакаралі папярэджаннем у судзе Ленінскага раёну сталіцы.

«Я нават азірнуцца не паспеў, паглядзець у твар тых людзей, што мяне затрымлівалі», – распавядае Антоній Бадзей, пакараны папярэджаннем у судзе Цэнтральнага раёну.

Затрымліваюць не толькі людзей, але і машыны. Аўта менчука Андрэя Ляўшыцкага – на штрафной стаянцы, а сам кіроўца содні правёў у пастарунку. Яго аштрафавалі за непадпарадкаванне міліцыянтам і за налепкі на аўтамабілі.

«З гэтаю налепкай ездзіць нельга. З любою налепкай – рэклама, лагатып і гэтак далей… Я спадзяюся, мой учынак дасць глыток свабоды для іншых людзей, пакажа, што не варта баяцца. Крыху без машыны паездзім, крыху адпачнем у КПЗ і далей будзем жыць», – кажа Андрэй Ляўшыцкі.

З пачатку выбарчай кампаніі агулам прысудзілі ўжо больш як чатыры гады арыштаў і больш за 150 тысячаў рублёў штрафаў. Дзясяткі затрыманых атрымалі папярэджанні.

«Я не буду пасля гэтага сядзець дома і глядзець трансляцыі, як людзей далей затрымліваюць. Яны толькі злуюць гэтым людзей, не больш за тое», – мяркуе пакараны папярэджаннем у судзе Цэнтральнага раёну Менску Кірыл Руды.

«Не зменіцца сітуацыя, ці дадуць содні, ці адпусцяць, бо незадаволенасць на затрыманні, незадаволенасць сітуацыяй так ці інакш застаецца. Даюць жорсткі прысуд ці не даюць – яна ўжо ёсць», – кажа пакараны папярэджаннем у судзе Цэнтральнага раёну Менску Антоній Бадзей.

«Amnesty International» асудзіла масавы пераслед блогераў, журналістаў ды актывістаў і прызнала вязнямі сумлення Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага ды іхных арыштаваных паплечнікаў. Беларускія праваабаронцы лічаць палітвязнямі ўжо 21 асобу, сёння да спісу дадалі блогера Ігара Лосіка і палітыка Міколу Статкевіча.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама