Маці Коржыча лічыць, што рашэнне суду ўжо падрыхтаванае

Сёння пачалося судовае разбіральніцтва па факце смерці жаўнера Аляксандра Коржыча. Крымінальная справа налічвае 50 тамоў. Абвінавачаных па справе трое, але артыкулы не тыя, якіх чакалі блізкія загінулага.

Маладыя, моцныя, здаровыя. Гэтыя жаўнеры маглі б быць гонарам беларускага войска, аднак яны – паказнікі яго ганьбы. Сталічны суд Маскоўскага раёну распачаў разгляд справы па факце смерці жаўнера Аляксандра Коржыча. Яшчэ больш за 30 салдат праходзяць па справе у якасці пацярпелых. На лаве падсудных – сяржанты.

«Задавала ў Следчым камітэце пытанне: а што ўсе іншыя сышлі ад адказнасці? Дзе ж той наш палкоўнік – старшыня варты Чарнецкі – чаму ён сышоў ад адказнасці? Патлумачылі мне: ён адпрацаваны матэрыял. Гэта следчыя сказалі, а што мне з гэтага «адпрацаванага матэрыялу»? Атрымае ён пенсію тысячы паўтары – і нармальна. Будзе яшчэ працаваць у ахове», – кажа Святлана Коржыч, маці жаўнера, які загінуў.

Пад судом толькі сяржанты з трэцяй вучэбнай танкавай роты 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, ім ад 20 да 23 гадоў. Яўгена Бараноўскага абвінавачваюць па артыкулах «Атрыманне хабараў», «Злоўжыванне ўладаю» і «Крадзеж». Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча судзяць за атрыманне хабараў і злоўжыванне ўладаю.

Сяржанты бралі хабары ад салдат за дазволы карыстацца мабільнымі тэлефонамі ці схадзіць у краму, забіралі ў жаўнераў харчы, за адмову гэтым пазаўстаўным патрабаванням – збівалі ды здзекаваліся з салдатаў. У тым ліку з Аляксандра Коржыча. Паводле следства, гэта і давяло 21-гадовага хлопца да самагубства. Але блізкія Аляксандра ў гэтую версію не вераць. Яго знайшлі летась у кастрычніку са звязанымі нагамі і майкай на галаве.

«Яны стараюцца мяне пераканаць, што мой сын павесіўся сам!» – кажа Святлана Коржыч. – Гэта накідваецца ўдаўка з заду і чалавека душаць. Гэта – удушэнне! Закрытая пятля!».

Па справе праходзіць каля 50 сведкаў, а крымінальная справа налічвае 50 тамоў.

«Абвінавачанне прад’яўленае зусім не па тых артыкулах Крымінальнага кодэксу, яны мусяць быць істотна больш сур’ёзнымі і тут мы ўсе перакананыя ў тым, што ад грамадскасці хаваюцца факты забойства чалавека і ўжывання ў дачыненні да яго нечалавечых адносінаў», – кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Сёння першы дзень суда, па ім ды па выніках следства маці памерлага жаўнера ў аднаўленне справядлівасці не верыць.

«Я думаю, што рашэнне суда ўжо папярэдне падрыхтаванае. Я нічога новага не чакаю, але я буду яшчэ скардзіцца далей. Яшчэ паедзем да Аляксандра Рыгоравіча, хай нам патлумачыць, як можна ў войску служыць», – дадае Святлана Коржыч.

Памерлага ў войску жаўнера не вярнуць, але пакараць вінаватых неабходна дзеля маладзёнаў, што цяпер служаць і тых, хто будзе несці службу, каб трагедыя ні з кім з іх больш не паўтарылася.

Вольга Старасціна; фота – «Медиа-Полесье»

Глядзі таксама