Падымаюцца кошты на тавары і паслугі: вось дык пажартавалі


1 красавіка – Міжнародны дзень смеху. Але студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі ад сёння не да жартаў: аплата на навучанне для іх вырасце на 5-7 адсоткаў. Скарэктаваныя кошты ва ўніверсітэце тлумачацца павелічэннем выдаткаў на адукацыю.

«Сітуацыя не вельмі ў краіне. І 5-7 % – гэта шмат. Працаваць будуць болей, вучыцца – меней», – кажа студэнт БДУІР.

«Не мы вызначаем кошт навучання. Гэта вызначаюць значна вышэй», – дадае выкладчык.

Не паспелі мы засумаваць па ледзь не штотыднёвым капеечным падаражэнні бензіну – адразу на два рублі на месяц падаражэюць і сталічныя стаянкі. У сярэднім менскія кіроўцы заплацяць 38 рублёў за месца. Вось што кажуць аўтамабілісты:

«З улікам таго, што заробкі ў нас зараз будуць не вельмі бліжэйшым часам, то, магчыма, і ўдарыць па кішэні».

«Два рублі быццам не так і многа, але сама сума – 38 рублёў – я б сказаў, што гэта многа».

Базавая арэндная стаўка на памяшканні, што ў дзяржаўнай уласнасці, падвысіцца на 95 капеек і складзе 17 рублёў 85 капеек. Апошняе павышэнне арэнды адбывалася летась. Істотна вырастае грашовы збор для вытворцаў і пастаўнікоў пластыкавай упакоўкі ды посуду. Розніца са старымі коштамі складзе 90 рублёў! За тону пластыку вытворцам трэба будзе адлічыць дзяржаве 360 рублёў. Асобна 90 рублёў трэба выдаткаваць і на збор біяраскладальных мяшкоў і торбаў.

Раней улады тлумачылі, што падвышэнне коштаў для вытворцаў пластыкавай упакоўкі будзе кампенсаванае за кошт спажыўцоў. То бок, за прадукт у неэкалагічнай тары мы, пакупнікі, заплацім значна больш.

Даражэюць імпартныя тавары – садавіна, кава і макаронныя вырабы. Імпартны алкаголь вырасце ў кошце адразу на 10-15 адсоткаў. Ідуць угару цэны на бытавую тэхніку.

«У росце коштаў ёсць некалькі абаснаванняў. Па-першае, гэта цяжкасці міжнароднай лагістыкі ў звязку з каронавірусам. Цяжэй пастаўляць імпартныя тавары. Па-другое, гэта змены курсу рубля», – кажа Вадзім Іосуб, эканаміст, аналітык «ALPARI».

З 1 красавіка мусіць запрацаваць агульная база невыязных грамадзянаў Беларусі і Расеі. Прадстаўнікі беларускай міліцыі і расейскай паліцыі склалі агульны спіс асобаў, абмежаваных на выезд за мяжу.

Але выязное насельніцтва Беларусі, што працуе дактарамі ці стаматолагамі ў Польшчы, чакаюць добрыя навіны. Сёння пачаў дзеяць закон, які прадугледжвае новы, больш хуткі спосаб праверкі ведаў для працаўнікоў, што прыехалі не з краінаў Еўразвязу. Адмяняецца раней абавязковая настрыфікацыя – пацверджанне дыплому, спрашчаюцца іспыты і ўладкаванне на працу. У колькасці сваіх медыкаў у Польшчы Беларусь займае другое месца пасля Украіны.

І нарэшце з нагоды сямідзесяціпяцігоддзя паразы нацысцкае Нямеччыны, на загад кіраўніка краіны, ветэранаў Другой сусветнай вайны ўшануюць аднаразовымі выплатамі памерам ад сямісот да дзвюх з паловай тысячаў рублёў. Пры гэтым чакаецца, што парад сёлета пройдзе як звычайна. Не зважаючы на пандэмію.

Таццяна Уласенка, «Белсат»