«Паднялася другая хваля інфекцыі». Што адбываецца ў Паставах?


Грошы на жыццёва важныя кіслародныя канцэнтратары для Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы збіралі праз «MolaMola». Літаральна за тры дні сабралі суму на першы канцэнтратар – больш за 3000 рублёў. На другі не паспелі.

«Раней 100 руб. маглі залічыць за дзень. Цяпер 100 руб. за дзень – гэта вельмі шмат. З «MolaMola» значна хутчэй аказвалі дапамогу», – кажа арганізатарка збору Людміла Бальшакова.

Пастаўская ЦРБ у канцэнтратарах ужо не мае патрэбы: 4 штукі перадало Міністэрства аховы здароўя. Але праблемы з «MolaMola» адбіліся на дапамозе і іншым шпіталям.

«Агулам у дзвюх катэгорыях – дапамога лекарам і «Собери ссобойку врачу» – было больш за 70 збораў, і гэтыя зборы збольшага не мелі нейкіх рэзервавых пляцовак. Безумоўна, па такіх рэгіянальных зборах, як збор на пастаўскія канцэнтратары, гэта ўдарыла моцна», – распавядае каардынатар «BYCOVID19» Андрэй Стрыжак.

Цяпер дабрачынныя зборы грошай ідуць праз асабістыя банкаўскія карткі арганізатараў. Людміла працягвае збіраць сродкі на дапамогу Пастаўскай ЦРБ.

«Ім патрэбныя адмысловыя вазкі, вазкі з вёдрамі, са швабрамі для прыбірання памяшканняў. У асноўным гэта для пульманалогіі звычайна набываецца», – кажа Людміла Бальшакова.

У Пастаўскай ЦРБ для прыёму пацыентаў з каронавірусам і пнеўманіямі пераабсталявалі аддзяленні тэрапіі, наркалогіі, неўралогіі і радзільнае аддзяленне. Звестак пра агульную колькасць захварэлых на чэрвень няма, нашыя крыніцы называюць лічбу «больш за 300». Пракаментаваць гэтую інфармацыю ў бальніцы адмовіліся.

«У нас ніхто ў Паставах не памёр ад каронавіруснай інфекцыі.

– А ад пнеўманіі?

– І ад пнеўманіі ніхто не памёр. Мы лечым. Актыўна. Дзень і ноч працуем. Аказваем дапамогу. Гэта наша задача. Усё. А інфармацыі іншай даваць мы не можам і не будзем», – адказала намесніца галоўнага доктара Пастаўскай ЦРБ Людміла Сямёнава.

Іншымі звесткамі дзеліцца на ўмовах ананімнасці лекар з пастаўскай бальніцы:

«У апошні тыдзень паднялася другая хваля інфекцыі. Амаль за содні больш як 20 пнеўманіяў паступіла. Хваля зноў уздымаецца. Гэта было не вельмі чакана».

Паводле доктаркі, каронавірусам перахварэлі шмат якія медыкі, у тым ліку намесніца галоўнага лекара Людміла Сямёнава. На бальнічным застаецца і галоўны лекар. Адзін хірург Пастаўскай ЦРБ цяпер у рэанімацыі. Але сітуацыя ў горадзе выглядае спакойна: у масках амаль нікога, хуткія не ездзяць. Аднак мінакі, з якімі мы пагутарылі, лічаць, што забывацца на каронавірус яшчэ рана.

«Шмат дактароў перахварэла, шмат медыцынскіх сясцёр перахварэла. Але, дзякаваць Богу, ніхто з іх не памер».

«Ведаю, што людзі хварэюць, што ў суседзяў, з суседняга дому, чалавек памёр».

«Што кажуць афіцыйна… Вядома ж, іх мала. Але па знаёмых іх нашмат больш».

«Няма ніякай афіцыйнай інфармацыі. Раней «Пастаўскі край» друкаваў інфармацыю, потым яна знікла. Кожны прыдумляе тое, на што хапае фантазіі».

Апошнія звесткі за 7 траўня з раённай газеты «Пастаўскі край» паведамляюць аб 102 выпадках COVID-19. Пасля газета перастала публікаваць інфармацыю.

Алена Дубовік, «Белсат»