Падчас падрыхтоўкі да прыезду Лукашэнкі памёр чыноўнік Шклоўскага райвыканкаму


Наведванне Лукашэнкам Магілёўшчыны скончылася масавымі «чысткамі». За нерэнтабельнасць аграпрадпрыемстваў з пасадаў знятыя топавыя чыноўнікі. У публічнай порцы пацярпелі і адказныя фермаў. Таксама нечакана стала вядома, што падчас падрыхтоўкі да сустрэчы з Лукашэнкам не вытрымала сэрца аднаго з чыноўнікаў Шклоўскага райвыканкаму. Нашыя карэспандэнты прайшліся па слядах Лукашэнкі і даведаліся пра вынікі яго прыезду ў рэгіён.

«Тут мусіць стаяць чалавек і ўвесь час чысціць. А вы мяне пераконваеце, што гэта нармальна. Ты паглядзі на гэтую скаціну: яна ж уся абасраная, і ўжо на поўсці закарэла там усё там».

Разнос чыноўнікаў на ферме «Сліжы» імгненна разляцеўся на мемы ды цытаты. Малочна-таварны комплекс адносіцца да прадпрыемства «Амкадор-Шклоў» аграхолдынгу «Купалаўскае». Лукашэнка скрытыкаваў усё, што трапіла на вока, а адзін з карпусоў назваў «Асвенцімам». Але ці ўсё так кепска, як казаў і паказваў прэзідэнт? Разбіраемся на месцы.

Фота: Таццяна Уласенка/belsat.eu

Паводле плану прэзідэнт мусіў прыйсці сюды, у першы кароўнік, як мы бачым, тут чыста і добраўпарадкавана. А затым скіраваўся ў іншыя карпусы. Крочым у той самы «Асвенцім», дзе на вочы прэзідэнту трапілася схуднелая карова. Чаму не згодныя з крытыкаю адказныя фермы і жыхары блізкае вёскі?

«Гэта карова непасрэдна пасля ацёлу. Карова, якая цялілася, яна губляе вагу. Адзіны недахоп жа быў у саломе ў нашай. Усё ў асноўным – надоі, рост скаціны, захаванне скаціны – усё ў парадку», – кажа Андрэй Зенкін, начальнік МТК.

«Гэта няправільна, што ён скрытыкаваў. Крыўдна. За комплекс свой крыўдна, вядома. У нас увесь час самы найлепшы комплекс лічыцца, не ведаю», – распавядае аператарка машыннага даення Алена.

«Ведаеце, я калісьці сама трымала карову. Да вясны – яна такая. І наконт таго, што яна худая, – пасля ацёлу ўсе каровы худыя», – дадае жыхарка Анікееўкі Людміла.

На нарадзе аб кадравых пытаннях 28 сакавіка Лукашэнка тлумачыў свой гнеў:

«Я хачу, каб людзі разумелі, што пытанне не столькі ў тым, што там каровы брудныя. Гэта проста людзі не ведаюць, што тыя каровы абышліся краіне на вагу золата».

Фота: Таццяна Уласенка/belsat.eu

У суседнюю вёску, дзе размешчаныя фермы Эксперыментальнай базы «Спартак», закупалі кароў з Бельгіі. Якія тэхналогіі там? Спарахнелыя сцены карпусоў, шыбы, забітыя звычайнаю плёнкай.

«Калі б да нас прыехаў, а тут не крашанае, не мазанае, не беленае. Ну, таксама даваў бы нам прахвостку, папала б нам таксама харашэнька», – гаворыць рабочы фермы.

Прычынаю адсталасці гаспадарак Лукашэнка лічыць безадказнасць і загадвае перавесці іх, цытата, «на ваенны стан». Яшчэ больш дысцыпліны! Яшчэ больш адказнасці! Такія камандна-адміністрацыйныя метады кіравання ўжо завялі гаспадарку ў тупік, лічыць былы старшыня Шклоўскага камунгазу, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

«Сельская гаспадарка адстае ад Украіны, яна ўжо адстае ад Расеі. Толькі па адным паказчыку – па надоях малака на адну карову – мы ад Украіны адстаем на 1000 літраў».

Рыгор Кастусёў прыгадвае былога старшыню аграхолдынгу «Купалаўскае» Дзмітрыя Васілеўскага, які не вытрымаў такога ціску зверху і скончыў жыццё самагубствам. Больш за тое, людзі не вытрымліваюць і цяпер: падчас падрыхтоўкі да прыезду кіраўніка краіны ў Стараселле памёр Ігар Кабылянец – адзін з чыноўнікаў Шклоўскага райвыканкаму. Спынілася сэрца.

«Шклоўскія ўлады вельмі інтэнсіўна рыхтавалі аб’екты да ягонага прыезду, у тым ліку і фермы, і я ведаю дакладна, што шмат якіх чыноўнікаў, у тым ліку райвыканкаму, заганялі сілай на гэтыя абʼекты. І адзін чалавек – працаўнік упраўлення сельскай гаспадаркі Шклоўскага райвыканкаму, хворы на сэрца, – быў вымушаны паехаць на такі абʼект і прама там, на гэтым жа абʼекце і памёр», – распавядае Рыгор Кастусёў.

Губляюць партфелі міністры і кіраўнікі райвыканкамаў, не вытрымліваюць сэрцы ў людзей… Гадамі нязменным застаецца толькі абурэнне афіцыйнага лідара і стан рэчаў у айчыннай сельскай гаспадарцы.

Таццяна Уласенка, belsat.eu