Пад будынкам КДБ у Менску адбылася акцыя памяці Чорнай начы

Чорная ноч у гісторыі Беларусі. 81 год таму тут, у сутарэннях турмы НКВД, расстрэльвалі цвет нацыі. Сёння неабыякавая грамада прыйшла пад сцены КДБ, каб стаць у ланцуг памяці. Мікола Статкевіч, ініцыятар акцыі, Беларускі Нацыянальны Кангрэс, распавядае:

«Калі пад цэнтральны будынак таемнай паліцыі, якая працягвала справу сваіх папярэднікаў з НКВД, прыходзіць 25 чалавек са знічкамі, то гэта героі».

Знічкі ды кветкі, сум і боль – ніякіх палымяных лозунгаў і доўгіх выступаў. Яўген Афнагель, актывіст «Еўрапейскай Беларусі»:

«У свой час тут будзе больш людзей, і яны будуць з іншымі патрабаваннямі. А зараз мы проста паказваем, што мы памятаем пра тых людзей, якія былі расстраляныя».

«Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары, –

Кажу вам – я не вінаваты!»

Апошні верш Міхася Чарота, накрэмзаны на сцяне ўнутранай турмы. Апроч яго расстралялі ў тую ноч паэтаў Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна ды іншых. Акрамя літаратараў і педагогаў ахвярамі НКВД сталі прадстаўнікі гаспадарчай і тэхнічнай інтэлігенцыі – 132 асобы за адну ноч. Уладзімір Някляеў, паэт і палітык з Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу:

«Чаму не даюць задумвацца пра гісторыю? Вельмі проста. Калі задумваешся, а што ж было, а ты можаш задумвацца толькі на фактах, тады ты міжволі задумваешся, а што ж цяпер?»

Акцыя ля муроў менскага КДБ – інстытуцыйнага спадкаемцы НКВД, ужо становіцца традыцыйнай. Гэтаксама традыцыйнай ёсць і пазіцыя дзяржавы. Яўген Афнагель, актывіст «Еўрапейскай Беларусі», каментуе:

«Улада зʼяўляецца ідэалагічным, ідэйным спадкаемцам тых людзей, якія расстрэльвалі людзей у канцы 30-ых, у 40-ых гадах».

Стаўленне ўладаў да рэпрэсіяў штогоду акрэсліваецца ўсё больш яскрава. Сёлета напоўніцу ідуць святкаванні 100-годдзя камсамолу, які справядліва можна лічыць стукацкім прыдаткам да НКВД. Зрэшты, недарэчны юбілей ВЛКСМ дзень у дзень супадае з ноччу расстраляных паэтаў. І не выпадкова – нашую эліту расстралялі, адмыслова ўшаноўваючы камсамольскае свята. А ўжо неўзабаве з дзяржаўных каналаў, як і штогод, паплывуць віншаванні з Кастрычніцкай рэвалюцыяй.

Але памяць пра злачынствы аматарам камунізму закрычаць не ўдасца, пра што сведчыць і сённяшняя акцыя.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Глядзі таксама