Пачаліся апошнія судовыя канвееры за вясновыя акцыі пратэсту


15 содняў у ізалятары за ўдзел у акцыі 1-га траўня ў Менску адбыў грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык. На свабодзе, пасля чарговага адміністратыўнага арышту, яго віталі сябры і паплечнікі. У зняволенні ён трымаў галадоўку.

«Да 12 траўня я быў на 2 ярусе, гэта 160 сантыметраў. Не было ніякіх прыступак. Яны гэта адмыслова зрабілі. У той камеры, дзе я быў людзі падалі ўначы», – зазначыў актывіст.

Вячаслава Сіўчыка затрымалі 3 траўня

Невядомыя ў цывільным вывелі яго з маршруткі, зацягнулі ў мікрааўтобус без нумароў і павезлі ў невядомым кірунку. Таксама сёння на свабоду выйшаў каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, арыштаваны за акцыю 1-га траўня.

Суды працягваюцца

Сёння ў Менску працягнулі разгляд справаў удзельнікаў апошніх акцыяў нязгоды. Br 920 штрафу мусіць заплаціць актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў. Такое рашэнне прыняла суддзя Першамайскага раёну сталіцы Іна Сідарок на падставе пратаколу за ўдзел у акцыі пратэсту 1-га траўня ў Менску.

У сакавіку Кулакова пакралі адміністратыўным арыштам. За ўдзел у акцыі, прымеркаванай да Дня Волі, яму прысудзілі максімальны тэрмін – 25 содняў. Падчас перабывання ў ізялятары, за буйную запазычанасць у штрафах, міліцыянты сканфіскавалі ягоны аўтамабіль, які ў якасці таксоўкі даваў актывісту сродкі да жыцця.

Кагосьці судзяць, хтосьці судзіцца

У судзе Маскоўскага раёну Менску, адлічаны з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту, былы студэнт Крысціян Шынкевіч пачаў адстойваць свае правы. Маладзён лічыць, што яго пазбавлі магчымасці атрымліваць вышэйшую адукацыю за грамадскую дзейнасць.

На Дзень Волі Крысціяна Шынкевіча брутальна затрымалі на офісе праваабарончага цэнтру «Вясна» ў Менску. Маладзён рыхтаваўся ўзяць удзел у назіранні за акцыяй. Цягам некалькіх гадзінаў яго адпусцілі, але наноў затрымалі 26-га сакавіка падчас пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы ў сталіцы. Крысціяна Шынкевіча пакаралі штрафам памерам 20 базавых вялічыняў, пасля ён даведаўся аб адлічэнні з універсітэту заднім чыслом за нібыта невыкананне абавязкаў навучэнца.

«Мяне раней азнаёмілі з адлічэннем чым з вымовай. Гэта не дазволена. Яны таксама парушылі тэрміны азнаямлення мяне і з адлічэннем, і з вымоваю», – падкрэсліў актывіст.

Заўтра судовы канвеер працягне працу

У Менску Першамайскі суд правядзе паседжанне ў справе ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі 1 траўня старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча. У Гомлі будуць судзіць незалежных журналістаў Ларысу Шчыракову і Андрэя Толчына. Іх вінавацяць у парушэннях заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»