Па словах Наталлі Радзінай, галоўнай рэдактаркі «Хартыі-97», Варшава спыняе фінансаванне сайту


Гэтак сцвярджае галоўная рэдактарка праекту Наталля Радзіна. Аднак польскі Фонд міжнароднай салідарнасці, які фінансуе старонку, гэтую інфармацыю зняпраўджвае.

Гавораць пра супрацьстаянне крамлёўскай прапагандзе, але прыпыняюць падтрыманне «Хартыі-97». Рэдактарка заблакаванага ў Беларусі сайту Наталля Радзіна б’е трывогу. Кажа, галоўны донар – польскі Фонд міжнароднае салідарнасці, абвесціў пра скарачэнне фінансавання ў пяць разоў.

«Прычына такая: немэтазгодна падтрымліваць «Хартыю-97» так, як раней», – пераказвае аргументацыю з сустрэчы ў Фондзе.

Новага падтрымання ж, маўляў не хопіць нават на абавязковыя выплаты.

ВІДЭА
Прэс-канферэнцыя Наталлі Радзінай
2019.02.15 12:00

«У нас на гэта толькі ў год сыходзіць каля 50-60 тысячаў еўраў. Тая сума, якую нам прапанавалі, яна толькі на палову пакрывае выдаткі на падаткі і сацыяльнае забеспячэнне супрацоўнікаў. На гэтыя грошы, вядома, сайт працаваць не зможа».

Крыніцы «Белсату» аднак не пацвярджаюць такога каласальнага ўразання падтрымання – скарачэнне ёсць, але у некалькі разоў меншае, чымся заяўляе рэдактарка «Хартыі-97». Зняпраўджвае пададзеную інфармацыю і старшыня Фонду міжнароднае салідарнасці Мацей Фалькоўскі:

«Гэта няпраўда, што сума магчымага фінансавання «Хартыі» у 2019 годзе ў пяць разоў меншая ў параўнанні з мінулым годам. Выніковая сума падтрымання залежыць ад формы праекту, магчымасцяў ФМС і гатовасці да супрацы з боку «Хартыі».

Рашэнне пра скарачэнне фінансавання супала з візітам у Варшаву Міхаіла Мясніковіча. Фонд сцвярджае – супадзенне непрыемнае, але гэта ўсяго толькі супадзенне. У «Хартыі-97» мяркуюць інакш і дадаюць: афіцыйны Менск даўно прагне закрыцця парталу.

Hавiны
Кіраўніцтва Фонду міжнароднай салідарнасці пракаментавала змяншэнне фінансавання «Хартыі’97»
2019.02.15 13:21

«Гэта адзіны сайт, дзе можна хоць нешта пачарпнуць, сапраўднае пабачыць. Таму я яго рэкамендую знаёмым».

«Заўсёды важна ведаць альтэрнатыўнае меркаванне».

«Мне хапае інфармацыі і без яго. Сайт, наколькі я ведаю, апазіцыйны».

«Зашмат крытыкі. Трэба спачатку больш разгорнута даваць інфармацыю», – кажуць жыхары Віцебску.

Зміцер Бандарэнка зазначае, што рашэнне польскага фонду пазбавіць сотні тысяч беларусаў важнай крыніцы інфармацыі, не падкантрольнай КДБ:

«Зрабіць так, каб для гэтых людзей перастала існаваць альтэрнатыва, гэта ўдар у спіну беларускага народу, і тых беларусаў, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасць».

Сайт «Хартыя-97» зазнаў моцны пераслед уладаў. У 2010-ым пры падазроных абставінах загінуў галоўны рэдактар Алег Бябенін. Следчыя заявілі пра самагубства, паплечнікі – пра забойства. Наступны галоўны рэдактар Наталля Радзіна правяла ў ізалятары КДБ паўтара месяца. На яе завялі крымінальную справу, якая прадугледжвала пакаранне да 15-ці гадоў зняволення. З 2011-га года сайт вымушана працуе з-за мяжы.

«Я гатовая да перамоваў з Міністэрствам замежных справаў Польшчы, з фондам. Я не ведаю, з чым гэта звязана. Я спадзяюся, што гэта памылка, якая будзе выпраўленая. Таму што гэта вельмі моцна бʼе па іміджы Польшчы».

Адначасова рэдакцыя «Хартыі-97» выказвае падзяку Польшчы за магчымасць працы для Беларусі ўсе апошнія гады. І спадзяецца, што зможа працягнуць сваю дзейнасць.

Hавiны
Уладзімір Кобец: Наталля Радзіна мае падзякаваць палякам, а не скандаліць
2019.02.15 14:17

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu