Па кім турма плача? Рэінкарнацыя беларускіх чыноўнікаў


На якую працу з дзяржслужбы зыходзяць сумленныя беларускія чыноўнікі? На дырэктарскія пасады. На прадпрыемствы ды ў банкі. А куды трапляюць звольненыя за нейкія правіны былыя дзяржслужачыя? Таксама на дырэктарскія пасады на тыя ж прадпрыемствы і ў тыя ж банкі. А калі няма розніцы, то навошта быць сумленным?

Быў міністрам лясной гаспадаркі, за бытнасць якога з Беларусі паводле шэрых махлярскіх схемаў вывозілі лес на мільёны долараў. Лукашэнка казаў пра яго, што не будзе трываць такога міністра. Чыноўніка звольнілі. А цяпер ён займае пасаду намесніка генеральнага дырэктара на заводзе «Амкадор», які ёсць адным з галоўных пастаўнікоў тэхнікі свайму былому міністэрству. Гаворка пра Міхаіла Амельяновіча.

«У Беларусі існуе, можна так яе назваць, абойма, ці яшчэ яе называюць наменклатура. Гэта пэўнае кола людзей, якія вандруюць па розных пасадах. Існуе кадравы рэестр прэзідэнта, дзе людзі пералічаныя з іх кампетэнцыямі» – каментуе Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера».

А вось другая гісторыя. Быў намеснікам генеральнага пракурора Беларусі. За хабар дапамог «замяць» справу супраць сына аднаго з бізнесоўцаў. Атрымаў 6 гадоў, адседзеў паўтара. Адпрацаваў 2 гады дырэктарам калгасу, пасля чаго Аляксандр Архіпаў уладкаваўся намеснікам генеральнага дырэктара буйной беларускай медычнай кампаніі. Або вось яшчэ: працаваў у дырэкцыі «Беларусбанку», узяў хабар на амаль 100 тысяч долараў, за што абяцаў фірме перамогу ў тэндары на пастаўку банкаматаў. Асуджаны на 8 гадоў турмы, а ўжо менш як праз год Анатоль Багавік зрабіўся памочнікам дырэктара, увага, пры дзяржаўным Банку развіцця. Ствараецца ўражанне, што ў Беларусі бракуе людзей з незаплямленаю рэпутацыяй.

Сяргей Калякін, былы намеснік старшыні Савецкага райвыканкаму Менску, кіраўнік партыі «Справядлівы свет» распавядае:

«Увесь час адчуваць сябе ідыётам не кожны хоча. Вы памятаеце, калі ў нас паседжанне ўраду Лукашэнка нешта банальнае кажа, а яны ўсе пішуць. Калі ён кажа »вы балваны, нічога не робіце« – яны так і пішуць: »мы балваны, нічога не робім«. Гэта проста прыніжэнне людзей, а прыніжацца не кожны гатовы. Таму вельмі абмежаваны выбар і невялікая вельмі канкурэнцыя на тое, каб туды ісці».

Працягваць гэты спіс можна яшчэ доўга. І рэч не ў павышанай гуманнасці Аляксандра Лукашэнкі, які вызваляе тых, хто правініўся, але раскаяўся, і дае ім новую працу. А ў тым, што гэтая гуманнасць заўсёды датычыць былых чыноўнікаў або блізкіх да кіраўніка краіны бізнесоўцаў. І толькі пры адной умове.

Аляксандр Мілінкевіч, намеснік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму (1990–1996):

«Самае страшнае для чалавека ад улады – паказаць нелаяльнасць. Нелаяльнасць яны паказваюць тады, калі пераходзяць у апазіцыю, удзельнічаюць у выбарах, ці ў прэзідэнцкай, ці ў іншай нейкай кампаніі. Тады кара будзе самая суворая».

А калі ты сваю віну прызнаеш, не абураешся ў прэсе і ласкава просіш цябе памілаваць, то мала якое злачынства будзе перашкодаю таму, каб працягваць будаваць паспяховую кар’еру. Ты ж нічым не абавязаны дзяржаве бізнесовец Кныровіч або Мураўёў. Для такіх у нас ёсць суворы закон. Але беларусы ўсё разумеюць:

«А вы як думаеце, правільна гэта ці не? Па ім турма плача. Народ бяднее, а начальнікі ўсё багацеюць».

«Калі вінаваты, мусіць сядзець. Несці адказнасць, а не яму замяшчаюць нечым там пакаранне».

«Сённяшняя моладзь ведае, што верыць практычна нікому нельга, але нічога не зробіш».

«Гэта абсалютна несправядліва. Чалавек, калі ўчыніў злачынства, мусіць несці адказнасць. Пазбаўленне волі і нават пазбаўленне маёмасці».

Атрымліваецца, што ў Беларусі Лукашэнка збудаваў для лаяльных сабе асобаў гэткі індуісцкі сусвет, дзе замест колазвароту душаў бясконцую рэінкарнацыю на розных пасадах зазнае беларускае чынавенства.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фота: сайт president.gov.by