Няроўныя ўмовы для будучых кандыдатаў


У вас ёсць пашпарт, у іх – маскі, пальчаткі і дэзынфектар. Ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах працуюць з папраўкай на пандэмію каронавіруса, якая дадае цяжкасцяў, але кажуць, што гэта не галоўная перашкода – калі ты не ў камандзе дзейнай улады.

«Не пускаюць у інтэрнаты, кажуць, што каранцін. Не пускаюць на прадпрыемствы», – распавядае Ігар Лялькоў, сябар ініцыятыўнай група Ганны Канапацкай.

Ганна Канапацкая, якая сёння збірала подпісы ў Берасці, каб балатавацца на прэзідэнта, перакананая ў сваёй перамозе і ў тым, што зможа абараніць і подпісы, і галасы ад магчымых фальсіфікацыяў. Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў падкрэслівае, што і Выбарчы кодэкс, і пастановы Цэнтрвыбаркаму даюць ініцыятыўным групам права збіраць подпісы ў інтэрнатах, на буйных прадпрыемствах і ў вайсковых частках. Але дэ-факта гэтае права парушаюць, не даючы нават паставіць пікет ля прахадной.

«Я накіравала каля 200 лістоў у розныя прадпрыемствы ў розных частках Беларусі. Прыходзяць практычна адныя і тыя ж адказы: не, вы не будзеце збіраць подпісы. Але самі людзі, кіраўніцтва прадпрыемстваў тэлефануюць мне са слязамі на вачах, кажуць: нам забаранілі, але прыязджайце, я пастаўлю подпіс за вас», – абураецца Канапацкая.

Раней зборшчыкі подпісаў хадзілі па кватэрах, цяпер прыдумалі новыя спосабы.

«Мы робім стаўку на электронны збор подпісаў. Бо мы зрабілі сістэму, як з дастаўкай ежы. Людзі могуць замаўляць сабе подпіс, а мы прыязджаем – забіраем. Ужо больш за 3 тысячы заявак за 4 дні мы атрымалі. І ў нас маленькі калапс з-за гэтага», – прызнаецца Андрэй Дзмітрыеў, які 10 гадоў таму ўзначальваў выбарчы штаб кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Сёння прэтэндэнт на кандыдацтва збіраў подпісы ў Бабруйску.

«У нас 100 чалавек у арганізацыі, таму подпісы збіраюцца. Але вельмі цяжка. У Беларусі каронавірус. У інтэрнаты нас не пускаюць», – пацвярджае Алена Мядзведзева з бабруйскай каманды Дзмітрыева.

Затое ў інтэрнатах ды дэканатах могуць збіраць подпісы педагогі, уключаныя ў ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі. Пра такія выпадкі «Белсату» паведамілі студэнты Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Казаць на камеру былі гатовыя не ўсе. Вось што распавялі студэнты:

«Чуткі ходзяць, але ці праўда, я не ведаю».

«Магчыма, я не выключаю, што гэта магчыма, улічваючы, у якой краіне мы жывем».

«Было такое, ходзяць. Да мяне прыходзілі».

Выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу ўсё ж пацвердзілася. Адна са студэнтак распавяла падрабязнасці пры ўмове ананімнасці.

«У інтэрнаце ходзяць па пакоях і канкрэтна кажуць, што вам трэба тут падпісацца. Я спытала, што гэта, за каго гэта – заўважыла, што за Лукашэнку. Лёгка намякаюць, што могуць зрабіць кепска, напрыклад, выхавальніцы, скараціць яе, калі яна не набярэ пэўную колькасць. А нам людзей шкада», – дзяўчына патлумачыла, чаму ўсё ж падпісалася.

Аляксандр Лукашэнка ўжо заявіў, што ягоная каманда сабрала 200 тысячаў подпісаў за 4 дні. Вось вынікі некаторых іншых прэтэндэнтаў за ўвесь першы тыдзень перадвыбарчай гонкі. Банкір Віктар Бабарыка – 50 тыс., прадпрымальніца Наталля Кісель – прыкладна 38 тыс., Сяргей Чэрачэнь 21 тыс. подпісаў. ІТ-чыноўнік Валерый Цапкала набраў 20 тыс. подпісаў, Андрэй Дзмітрыеў – 16 тыс., Ганна Канапацкая – больш за 10 тыс. Для рэгістрацыі неабходна 100 тысячаў.

Святлана Ціханоўская, якая зарэгістравалася замест мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага, сёння збірала подпісы ў Гомлі. Яе ініцыятыўная група паведамляе пра 1-3 тысячы сабраных подпісаў штодня. Але агульную колькасць Сяргей і Святлана Ціханоўскія лічаць няважнай, бо важны сам працэс збору, як магчымасць пратэстнага масавага сходу. Па той жа схеме дзейнічаюць і іншыя «кандыдаты пратэсту». Збор подпісаў скончыцца 19 чэрвеня.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»