Нягледзячы на пандэмію. Беларусы адзначаюць Дзень Волі


100-годдзе з дня абвяшчэння БНР з размахам адзначалася тут – каля Опернага тэатру ў Менску. Але сёлета каронавірус планы арганізатараў змяніў, і ад вулічнай акцыі адмовіліся. 102 гады з дня абвяшчэння БНР пераважна адсвяткуюць у сеціве. Дома, з сямʼёй – так плануюць адзначаць Дзень Волі тыя, хто вызнае ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі. Каранцінныя ўмовы, вядома, планы змянілі, але адмовіцца ад святкавання не прымусілі.

«Спадзяемся, што ўвечары збяромся на святочную вячэру. Таксама хочам назіраць за онлайн-імпрэзамі з шостай гадзіны вечара, а 8-й будзе онлайн-канцэрт Вольскага і салют а 9-й».

«Пасля абеду мы з унучкай пойдзем гуляць, я яшчэ больш распавядаю пра гэта свята, яна ў мяне ўжо ведае, якая беларуская сімволіка, і хто яна. Ну, а ўвечары будзем слухаць беларускія песні і есці торт з гарбатай».

«Мы з двума сябрамі збяромся і паглядзіць онлайн-трансляцыю».

Першыя імпрэзы пачаліся а 7-й раніцы – з вандроўкі па памятных месцах БНР у Менску. У Горадні таксама а 7-й раніцы зачыталі Трэцюю Устаўную грамату і праспявалі гімны «Пагоня» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Акцыі пачаліся так рана, бо менавіта з усходам сонца была абвешчаная незалежнасць. Фармат святкавання ў параўнанні з мінулымі гадамі змяніўся, аднак беларусы змаглі прыстасавацца і зарганізавацца. У ТБМ зладзілі выставу, а для Алены Анісім – старшыні Таварыства – гэты дзень асабіста каштоўны, адмаўляцца ад святкавання яна не плануе.

«Зранку я павіншавала мужа. Даслала віншаванні многім сябрам і знаёмым. 5.04- Я збіраюся наведаць сваю ўнучку і ўручыць ёй тыя кніжкі, якія я набыла ўчора», – расказвае Алена Анісім.

Далучыліся да святкавання і ў дзіцячых садках. Арганізатары, якія на 100-годдзе падрыхтавалі маштабную імпрэзу, сёлета таксама планавалі акцыю, але ў сувязі з каронавірусам заяўку адклікалі ды аператыўна перанеслі імпрэзы ў онлайн. Каб беларусы ўсе ж такі адчувалі святочную атмасферу, кожнаму прапанавалі вывесіць сцяг на сваім балконе ці ў двары дому і падзяліцца здымкам у сацыяльных сетках.

«З праблемаў, з якімі сутыкнуліся, – тое, што частка ўдзельнікаў адмаўляецца. Ці яны на каранціне, ці яны ў самаізаляцыі», – кажа арганізатар святкавання Павел Белавус.

Нягледзячы на ўсе складанасці сёння а 18:00 на адмыслова створаным сайце hodna.by распачалася трансляцыя святкавання.

«Мы хочам сумясціць некалькі жанраў. Гэта і канцэрт, і размовы з цікавымі гасцямі, і жарты, і гумар, і фідбэк з тымі гледачамі, якія будуць глядзець», – распавядае Павел Белавус.

Арганізатары чакаюць ля манітораў некалькі тысяч беларусаў, для якіх важна адзначыць Дзень Волі нават ва ўмовах пандэміі.

Алена Дубовік, «Белсат»

Фота: Ганна Русінава