Нурсултан Назарбаеў падаў у адстаўку. Але не страціў уладу


Як прэзідэнт з 30-цігадовым стажам плануе захаваць кантроль над краінай? І ці прыдасца ягонае вынаходніцтва іншым постсавецкім лідарам? Высвятляў Аляксандр Папко.

28 гадоў 10 месяцаў і 23 дні – столькі кіраваў Казахстанам Нурсултан Назарбаеў. Носьбіт афіцыйнага тытулу «лідар нацыі» ва ўзросце 78-мі гадоў пастанавіў сысці на пакой. Але не зусім.

Нурсултан Назарбаеў, прэзідэнт Казахстану:

«Я застаюся старшынём Рады бяспекі, які законамі надзелены вялікімі паўнамоцтвамі ў вызначэнні ўнутранай і замежнай палітыкі краіны, застаюся кіраўніком партыі «Нур Атан», сябрам Канстытуцыйнай рады».

За тры дзесяцігоддзі Назарбаеў знішчыў у краіне незалежныя СМІ, падпарадкаваў сабе палітычныя партыі ды судовую сістэму, ягоныя сваякі занялі дамінантавыя пазіцыі ў эканоміцы. Назарбаеў і ягоныя людзі жорстка распраўляліся з любымі пратэстамі – як сацыяльнымі, гэтак і палітычнымі.

«Ён як кіраўнік Рады бяспекі кантралюе ўсю замежную і ўнутраную палітыку. Нават новы прэзідэнт як шараговы сябра Рады бяспекі будзе павінны даваць справаздачу перад ім пра зробленую працу і планы. Ніводнае рашэнне не будзе прымацца без згоды кіраўніка Рады бяспекі», – кажа журналіст, палітычны аглядальнік Ігар Віняўскі.

Пераемнікам першы кіраўнік краіны прызначыў Касым-Жамарта Такаева – спікера верхняй палаты парламенту, кадравага дыпламата, аднаго з нешматлікіх людзей, якому Назарбаеў давярае. Ці стане постназарбаеўскі Казахстан больш дэмакратычным, мы даведаемся пасля выбараў, прызначаных на снежань.

«Складана сказаць, што будзе ў Казахстане пры другім прэзідэнце. Але ў любым выпадку сістэма, якая «заточаная» пад аднаго чалавека (а ў Казахстане існуе супервертыкаль улады) будзе выстройвацца ўжо пад новага прэзідэнта», – гаворыць Ігар Віняўскі.

Адстаўка Назарбаева – першы ды пакуль адзіны прыклад мірнага сыходу са сваёй пасады постсавецкага дыктатара. Іншыя аўтарытарныя кіраўнікі або паміралі, або іх зрыналі рэвалюцыі. Ці створаную Назарбаевым мадэль «ценявога прэзідэнта» выкарыстае беларускі доўгажыхар?

«Лукашэнка да канца будзе разглядаць магчымасць рэалізацыі сцэнара «пераемніка». Ён вагаецца паміж сынамі Віктарам і Мікалаем», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

«Прага да ўлады была ў абодвух, прычым такая прага, якую нельга спыніць. Хочацца есці, есці і есці, і наесціся не можа чалавек. Вось гэта ў іх вельмі падобнае. Ці ўдасца Лукашэнку прыйсці да некага рашэння, не ведаю. Падаецца, яму ўсё яшчэ хочацца есці», – кажа Аляксандр Дабравольскі, сябра палітрады АГП.

На сыход аўтарытарнага доўгажыхара Назарбаева сацыяльныя сеткі постсавецкіх краінаў адрэагавалі каментарамі радасці, зайздрасці і недаверу. А прэзідэнт-пенсіянер пасля адстаўкі пазваніў свайму калегу ў Крамлі. Падрабязнасцяў размовы прэс-служба Пуціна пакуль не раскрывае.

Аляксандр Папко, belsat.eu