Новыя затрыманні блогераў


Сёлетняя выбарчая кампанія ў Беларусі – гэта перадусім хроніка палітычных рэпрэсіяў. Пасля хвалі арыштаў актывістаў улады ўзяліся за блогераў, у тым ліку рэгіянальных, якія распаўсюджвалі інфармацыю пра крымінальныя справы супраць прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах ды пра пераслед грамадзянаў на мірных акцыях салідарнасці.

У Горадні напярэдадні прайшоў «Ланцуг салідарнасці» з палітвязнямі. Міліцыянты затрымалі як мінімум 9 асобаў, 2 адпусцілі, астатнія – у ізалятары да суда ў панядзелак.

Арышты і ў Віцебскай вобласці. У Воршы міліцыя да суда затрымала Аляксандра Андрэева, аўтара тэлеграм-каналу «Орша для жыцця». Да яго дадому прыйшлі праз некалькі гадзінаў пасля сустрэчы гараджанаў са старшынём Палаты прадстаўніком Уладзімірам Андрэйчанкам.

«Ён задаваў Андрэйчанку пытанні, звязаныя з Лукашэнкам, чаму людзей затрымліваюць проста так, за тое, што выказваюць сваё меркаванне. Цмянага адказу ён так і не атрымаў», – распавяла Паліна, жонка Аляксандра Андрэева.

Таксама затрымалі аршанца Паўла Парфененку, чальца ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, якая вылучаецца кандыдатам на прэзідэнцтва. За што – невядома.

«Канешне, несправядліва. Ён нічога супрацьзаконнага не рабіў. Збіраў ціха подпісы», – кажа Юлія, жонка Паўла Парфененкі.

У Браславе затрымалі стваральніка тэлеграм-каналу «Браслаў для жыцця» Канстанціна Далецкага, які ўдзельнічаў у акцыі салідарнасці ў нядзелю.

А ў Менску ўзялі блогера Івана Пруса, які тэлефанаваў у аддзел міліцыі Маскоўскага раёну, каб даведацца, як не трапіць у аўтазак. Так блогер адрэагаваў на масавыя затрыманні людзей, што стаялі ў чарзе ў краму «Сымбаль.бай».

Вось частка размовы Івана Пруса з дзяжурным Маскоўскага РУУС:

«- Я проста паглядзеў навіны, якія стаялі ў чарзе ў краму, і іх запакавалі.

– Я не гляджу навіны на працоўным месцы.

– А якія правілы не парушаць…

– Паважаны, не парушайце правілы знаходжання ў грамадскім месцы, не парушайце правілы грамадскага парадку. Я не ведаю, хто каго затрымліваў, не магу каментаваць гэтыя пытанні».

Што да крымінальных справаў: праваабарончы цэнтр «Вясна» абнавіў спіс палітычных вязняў у Беларусі, звязаных з гэтай выбарчай кампаніяй. Там ужо 14 чалавек (агулам 17), у тым ліку банкір Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард, якія цяпер у Следчым ізалятары КДБ паводле абвінавачання ў шэрагу эканамічных злачынстваў. Іх адвакаты падалі скаргі на захады ўтрымання.

Праўда, падчас справы Бабарыкі з адвакацкага бюро Дзмітрыя Лаеўскага сышлі некаторыя калегі, якія працавалі з іншымі справамі, і на іх не было ніякага ціску.

«Не трэба з гэтага рабіць драму. Галоўнае для мяне, што праца ў гэтай справе ідзе ў штатным рэжыме, і гэтае рашэнне калег не закранула працаздольнасці бюро», – распавёў Дзмітрый Лаеўскі «Белсату».

Ягонае бюро плануе пашырэнне.

Крымінальная справа супраць прыхільнікаў Сяргея і Святланы Ціханоўскіх – паводле артыкулу «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Імаверна, берасцейскі блогер Аляксандр Кабанаў таксама арыштаваны ў яе межах. А блогера Сяргея Ціханоўскага, які цяпер у Следчым ізалятары №1 у Менску, нарэшце вярнулі з карцару ў камеру.

«Улады Беларусі праводзяць поўнамаштабную зачыстку іншадумцаў, выкарыстоўваючы рэпрэсіўныя законы для задушэння крытыкі перад выбарамі, на якіх А. Лукашэнка балатуецца на шосты тэрмін запар. Кандыдаты ад апазіцыі, іхныя прыхільнікі ды незалежныя медыі сутыкнуліся з адвольнымі арыштамі, буйнымі штрафамі ды турэмным знявольваннем. Цяпер тыя, хто актыўна вядзе сацыяльныя сеткі, таксама становяцца мішэнню пераследаў», – заявіла Айша Джанг, старэйшая кіраўніца «Amnesty International» у Беларусі.

А што думаюць грамадзяне пра затрыманні блогераў і ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту? З 11-ці апытаных намі менчукоў ніводзін не ўхваліў дзеянні ўладаў.

Вось што кажуць жыхары і госці Менску:

«Людзі ўсё роўна цяпер усё бачаць і разумеюць. І гэта не проста на суткі іх садзяць, а крымінальныя справы заводзяць».

«Ідзе праца, як спыненне нейкіх ваенных дзеянняў. Фізічнае супакойванне натоўпу. А мусіць быць наадварот».

«Мне страшна жыць. Страшна расціць дзяцей, страшна ісці па вуліцы і думаць, што мяне могуць затрымаць».

«Улады гэта робяць ад нямогласці».

«Пасадка блогераў не зробяць нічога добрага для ўлады. Будзе толькі горш».

За апошнія некалькі дзён сотні беларусаў у розных гарадах былі затрыманыя, часам з ужываннем жорсткай фізічнай сілы з боку міліцыянтаў у цывільным. А лік зняволеных у межах «выбарчых» крымінальных справаў пайшоў на дзясяткі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».