Новыя школьныя законы: ці дзеці будуць менш стамляцца?


Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні для школаў і дзіцячых садкоў. Новаўвядзенні будуць датычаць фактычны ўсяго: як правільна карміць дзяцей, як абсталёўваць прыбіральні ды пясочніцы, а таксама як зрабіць так, каб вучні менш стамляліся.

Я скончыў школу 10 гадоў таму. Ужо тады шмат казалі пра тое, што вучні перагружаныя. Шмат кажуць пра гэта і цяпер. І вось – чарговая спроба палітыкаў спрасціць жыццё дзецям.

Здавалася б, тое, што ў санвузлах мусіць быць туалетная папера, а пясок у пясочніцы быць без шкодных рэчываў, – ясна і без усялякіх пастановаў. Найбольш жа ўвагі ў новых патрабаваннях прысвечана стамляльнасці дзяцей. Найбольшую нагрузку вучні мусяць атрымліваць у аўторак і сераду ў пачатковай школе. У аўторак, сераду і пятніцу – у старэйшай. Не павінна быць кантрольных па некалькіх прадметах у адзін дзень, а фізкультура не мусіць стаяць у раскладзе аднаго класу два дні запар. Але на псіхалагічны камфорт дзіцяці ўплывае не толькі расклад заняткаў.

«У пачатковай школе палюбілі класці плітку. Плітка небяспечная, дзеці на ёй расшыбаюцца. Якое прымаюць рашэнне шмат у якіх школах? Проста забараніць дзецям выходзіць на пераменах з класаў. Гэта неўратызуе дзяцей, ламае іх псіхалагічна. Бо ў такім узросце яны павінныя рухацца», – кажа псіхолаг Крысціна Вязоўская.

Крысціна Вязоўская таксама адзначае, што правілы, прапісаныя ў пастанове, можна назваць хутчэй «касметычнымі зменамі». Некаторыя няпісаныя законы школьнага жыцця, якіх прытрымліваюцца настаўнікі, не зменіш ніякімі пастановамі.

«Вельмі шмат бессэнсоўных дзеянняў у школе. Гэта перадаецца з пакалення ў пакаленне. Вось вам казалі «Званок для настаўніка?» І мне казалі! І маёй дачцэ цяпер кажуць. І маёй маці казалі. Пранесці праз пакаленні гэты хранічны жах «званок для настаўніка»… Але ж настаўнік павінен укласціся ў гэты час», – дадае псіхолаг Крысціна Вязоўская.

Інакш мусіць адбывацца і кантактаванне настаўнікаў з бацькамі дзяцей.

«Бацькоўскія сходы – асобная тэма. Яны для чаго патрэбныя? Каб сабраць грошай, абвесціць, што будзе рамонт і зноў сабраць грошай. І яшчэ сабраць грошай на падарункі 23 лютага і 8 сакавіка. Калі ідзе абмеркаванне нейкіх дзіцячых кейсаў, то яно ідзе публічна, перад усім класам. І гэта таксама не змяняецца шмат дзесяцігоддзяў», – тлумачыць псіхолаг.

Мы запыталіся ў менчукоў, ці варта змяняць падыход да навучання дзяцей і змяншаць нагрузкі на іх:

«Стамляюцца дзеці. Не вытрымліваюць. На іх столькі навалілася… Гэта раней адкрыў буквар, пачытаў… А сёння ўсё інакш. З таго часу, як ён прачынаецца, ён адразу ж запоўнены інфармацыяй».

«Я, як доктар, магу сказаць, што ў мяне бывае да 90 % дзяцей на прыёмах, якія стамляюцца і ўжо да сярэдзіны навучальнага года маюць максімальнае напружанне. Таму так, трэба неяк карэктаваць праграмы».

«У школах усё залежыць ад настаўніка. А настаўнікаў няма. Ёсць «шкрабы» – школьныя работнікі. Яны вымушаныя ўдзельнічаць ува ўсіх відах справаздачнасці. Ім няма калі займацца беспасярэднімі абавязкамі – вучыць дзяцей. Не даюць дзецям думаць».

Новы навучальны год пачнецца ўжо 2 верасня. Але ці паспеюць навучальныя ўстановы выканаць свежыя рэкамендацыі?

Дзяніс Ганчарэнка, belsat.eu

Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum