Новыя каналізацыйныя рэзервуары пабудуюць каля водазаборных свідравінаў Менску


Тры з паловаю тысячы подпісаў супраць будаўніцтва новых рэзервуараў для каналізацыйных сцёкаў сабралі жыхары Менскага раёну. Ім не падабаецца, што Менскводаканал і гарбарны завод жадаюць узвесці два новыя аб’екты. Людзі кажуць, што ад смуроду ўжо існых пакутуюць жыхары не толькі найбліжэйшых вёсак Менскага раёну, але і раёнаў сталіцы – Лошыцы ды Чыжоўкі.

Вось гэтыя гектары плошчаў за маймі плячыма – гэта каналізацыйныя сцёкі пад адкрытым небам. Яны збіраюцца сюды з усяго Менску і размяшчаюцца ў ваколіцах вёскі Сіняло – літаральна за дзясятак кіламетраў ад сталіцы.

Вёска Сіняло – найбліжэй ад сцёкавага палігону – каля аднаго кіламетра. Жыхары пакутуюць ад смуроду і дрэннай вады не першы год.

«Такі смурод – невыносна. Паветра прасякнутае ўсё – у горле шчыпае. А вада якая ў нас – трубы старыя, слізкія. Мы п‘ем гэтую ваду і хварэем. У майго дзеда – рак страўніка, а колькі людзей у нас паўмірала ад таго, што мы жывем анкалогіяй».

«Садзім, вырошчваем, ямо гэта ўсё – жах. Пятнаццаць кіламетраў ад гораду і такі непарадак: ні дарог, ні транспарту – нічога. Адную гэтую дарогу зрабілі. І тое па ёй імчаць машыны, каб выліваць усю гэтую гадасць».

«У людзей не пыталіся згоды – усе супраць, каб гэтыя адстойнікі былі. Не ведаю… Кажуць, там новыя робяць».

«У краме ляжалі спісы, і ўсе падпісваліся, хто супраць, – каб не будавалі адстойніку. А яны ізноў пачалі новы капаць, і ён будзе самы глыбокі. Адсюль відаць – экскаватары і МАЗы пясок вывозяць кудысьці», – абураюцца жыхары вёскі Сіняло.

Сцёкавыя катлаваны каля Сіняло зʼявіліся на месцы пясчаных кар‘ераў яшчэ два дзясяткі гадоў таму. Але за гэты час павялічыліся да сямнаццаці адзінак і займаюць дзясяткі гектараў. За месцічаў нават пачалі маліцца вернікі каталіцкай суполкі «Каштоўная перліна» з Менску, якія маюць у Сіняло свой малітоўны дом.

«Як прыязджаем сюды – дык тут заўсёды пах непрыемны. «Новенькім» тлумачым, што тут сцёкавыя збудаванні, і вось мы молімся за людзей у такім паветры», – кажа Ніна Пазняк, верніца каталіцкай суполкі «Каштоўная перліна».

Ад смуроду пакутуюць жыхары не толькі найбліжэйшых вёсак Менскага раёну, але і ўскраінных раёнаў сталіцы – Лошыцы і Чыжоўкі. Зусім нядаўна стала вядома, што Менскводаканал і гарбарны завод з Гатава плануюць яшчэ два катлаваны. Кіраўніцтва ўстаноў адказвае мясцовым, што не бачыць праблемы.

«Ёсць вялікая небяспека, што гэтыя агромістыя палі – гэта гектары палёў з лайном – хоць і кажуць, што падклалі цырату пад тыя старыя сажалкі, – яны цалкам могуць забруджваць грунтовыя воды. А тут, у нашым раёне, водазаборныя свідравіны, якія сілкуюць увесь Менск. І чаму мы так кажам і думаем, што гэтыя атрутныя рэчывы могуць прасочвацца ў грунтовыя воды, бо ў Сіняло людзям забаранілі карыстацца калодзежамі ды правялі водаправод, а гэта не так проста робіцца», – кажа жыхарка вёскі Серафімава і мясцовая актывістка Аліна Башура.

Вяскоўцы аб’ядналіся ў ініцыятыўную групу і сабралі тры з паловаю тысячы подпісаў да галоўнай санітарнай доктаркі Міністэрства аховы здароўя Наталлі Жукавай з просьбаю спыніць экалагічнае бязмежжа. Адказу ад чыноўніцы яны чакаюць ужо два месяцы.

Галіна Абакунчык, belsat.eu