Новы закон: дом Ярмошынай забароняць здымаць?


Сёння Палата прадстаўнікоў разглядала праект закона «Аб персанальных звестках». Згодна з ім будзе забаронена публікаваць пэўныя асабістыя звесткі людзей, напрыклад, здымкі дамоў чыноўнікаў. Для чаго ўводзяцца гэткія захады?

Пасёлак Дразды – месца з ці не найвышэйшаю канцэнтрацыяй чыноўніцкіх дамоў у Еўропе. Тут прапісаныя і Лідзія Ярмошына, і Васіль Жарко, і Віктар Шэйман ды ўся верхавіна айчыннай вертыкалі. Дамы, так бы мовіць, слуг народу, уражваюць. Але згодна з новым законапраектам хутка паказваць гэтыя харомы будзе забаронена.

Агулам закон мае бараніць і нашыя з вамі правы. Нельга будзе выкарыстаць чыесьці персанальныя звесткі, уключна з імем і прозвішчам, без адмысловага дазволу. Паўстане заслон ад смс-рассылак ды іншага кшталту надакучлівай рэкламы. Засталося толькі прыдумаць яшчэ адную структуру для кантролю.

Ганна Канапацкая, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, каментуе:

«Каб той орган, які будзе заснаваны для кантролю за гэтымі звесткамі, быў незалежны. І мы за тое, каб дзейнасць гэтага органа была сёння прапісаная спачатку ў гэтым законе, а потым спатрэбіцца, мабыць, дадатковы заканадаўчы акт, але ні ў якім разе не ўказ прэзідэнта».

Але новы закон не пакіне без адмысловай абароны і чыноўнікаў. Гэтак супала, што толькі некалькі тыдняў таму старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абуралася публікацыямі здымкаў ейнага катэджу ў Драздах. Калі дакумент прымуць, то, паводле дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзіма Іпатава, будзе забаронена публікацыя ўсёй інфармацыі пра нерухомасць чыноўнікаў.

Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы»:

«Пакуль Ярмошына атрымлівае грошы з бюджэту, пакуль яна існуе за грошы беларускіх падаткаплатнікаў, калі ласка: або пераязджай у панэльку ў Малінаўцы, і тады ніхто не здыме твой дом, бо ён будзе нікому не цікавы, або змірыся з тым, што ў цябе пад домам будуць стаяць фатографы».

Ганна Канапацкая, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

«Звесткі аб маёмасці, звесткі аб заробку не могуць быць пад забаронаю, бо яны датычаць антыкарупцыйнага заканадаўства. І калі ў чыноўніка з заробкам у эквіваленце 1000 долараў ёсць дом за мільён долараў, то ў падаткаплатнікаў сапраўды будзе пытанне, за якія грошы ён гэта пабудаваў».

Дакумент сёння прынялі толькі яшчэ ў першым чытанні, таму некаторыя палажэнні могуць змяніцца. Але пакуль падтрымання ў прыхаванні інфармацыі пра чынавенства на менскіх вуліцах мы не пачулі:

«Народ мусіць ведаць пра сваіх кіраўнікоў усё! Бо мы працуем на кіраўнікоў і працуем на грамадства!»

«У мяне матуля працавала ў Расеі ў дзяржаўных структурах, дык там усе фінансавыя трансакцыі выстаўляліся напаказ».

«На якія грошы жывуць нашыя чыноўнікі – мы ўсе ведаем. І ў свабодным доступе павінныя быць такія фатаграфіі і ўсё астатняе».

«Чаму яны павінныя закрывацца ад нас? Не, павінна быць усё даступна, каб усе бачылі, як яны жывуць».

У 2019 годзе можна колькі заўгодна забараняць здымаць, але інфармацыя ўсё адно трапіць у медыі. Ці то праз сацыяльныя сеткі, ці тэлеграм-каналы.

Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы»:

«У абсалютнай большасці цывілізаваных краінаў свету падобныя законы прынятыя. У іх няма нічога дрэннага, яны абараняюць спажыўцоў. Гэта, хутчэй, пазітыў. Іншае пытанне, што, як часта здараецца ў беларускіх умовах, штосьці пазітыўнае суправаджаецца негатывам».

Да таго ж, як звычайна для Беларусі, усё будзе залежаць і ад праваўжывальнай практыкі – каб не выйшла, што гэты закон будзе працаваць толькі ў дачыненні абароны звестак дзяржаўных службоўцаў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu