Новы ўдар уладаў па незалежных медыях


Содні і штрафы затрыманым пратэстоўцам, а незалежным медыям новыя папярэджанні. Міністэрству інфармацыі не спадабаліся каментары, якія зʼявіліся на сайце «Нашай Нівы». Чыноўнікі назвалі гэта пагрозаю нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Газеты адказная за сваіх чытачоў

Чарговае папярэджанне аднаму з найстарэйшых і найпапулярнейшых беларускіх выданняў – «Нашай Ніве».

«Гэтае папярэджанне Міністэрства інфармацыі па-свойму наватарскае. На маю думку, не было яшчэ прэцэдэнту, каб выданню давалі папярэджанне за каментары на сайце. Мы тут першыя», – распавёў аб акалічнасцях справы шэр-рэдактар газеты Андрэй Дынько.

Паводле Міністэрства інфармацыі, выданне распаўсюджвала інфармацыю, здольную нашкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Як сцвярджаюць чыноўнікі, на сайце змяшчаліся каментары з рэзкімі выказваннямі на адрас уладаў і выканаўцаў апошніх хапуноў. Рэдакцыя не выключае, што частка з іх магла быць звычайнаю правакацыяй.

Адначасова папярэджанне вынеслі парталу TUT.BY

Падставаю зрабіўся артыкул, прысвечаны беларускім добраахвотнікам, якія ваююць ува Украіне на баку ўкраінскіх войскаў. Пазіцыя Міністэрства інфармацыі выклікала здзіўленне кіраўніцтва рэдакцыі.

«Мы ніякім чынам не ацэньваем дзеянні асобаў, пра якіх вядзецца гаворка ў артыкуле. Да таго ж мы папярэдзілі аб крымінальнай адказнасці для тых, хто ваюе за межамі Беларусі», – паведаміла галоўная рэдактарка парталу Марына Золатава.

Ці выпадкова, што папярэджанні выносяцца менавіта цяпер?

У Беларускай асацыяцыі журналістаў не сумняюцца.

«Такая практыка Міністэрства інфармацыі ўжо была. Перад падзеямі, якія маюць даволі сурʼёзны грамадскі інтарэс, выносяцца папярэджанні медыям перад іх пачаткам», – падкрэсліў Алег Агееў, БАЖ.

Такое напружанасці ў беларускім грамадстве не было даўно

На вуліцы выходзяць тысячы людзей, не задаволеных эканамічнаю сітуацыяй у краіне.

Незалежныя медыі зрабіліся адзіным месцам, дзе могуць выказвацца нязгодныя з уладамі людзі.

Медыі не абароненыя ад ціску з боку ўладаў

Паводле закону, некалькі афіцыйных папярэджанняў з боку чыноўнікаў ствараюць рэальную пагрозу існаванню газеты ці парталу.

Гэтак у 2011-ым годзе пад пагрозаю закрыцця апынуліся выданні «Народная Воля» і «Наша Ніва». Тады Міністэрства інфармацыі абурылася, між іншага, тым, якім чынам медыі асвятлялі тэракт у менскім метро. Адзін з экспертаў на старонках «Нашай Нівы» выказаў меркаванне, што выбухоўку маглі падкласці спецслужбы.

Ян Бабіцкі, «Белсат»