Новы скандал: Facebook наняў людзей для расшыфроўкі галасавых паведамленняў карыстальнікаў


Некалькі сотняў людзей, адмыслова нанятых для таго, каб праслухоўваць і расшыфроўваць галасавыя паведамленні. Такую дзіўную «агентурную сетку» Facebook’у выкрылі ў ЗША. Прычым некаторыя з гэтых наймітаў нават не ведалі пра тое, што менавіта яны слухаюць, і якім чынам гэта было запісана.

На думку IT-кансультанта Глеба Рубанава, скандал разгарэўся хутчэй не праз сам факт збору звестак, а праз тое, што гэта рабілі жывыя людзі, а не робаты:

«Можна яшчэ пагадзіцца, калі тваё аўдыё апрацуе нейкі робат, які выдзеліць з яго ключавыя словы. Іншая сітуацыя, калі нехта ў аўтсорсінгавай фірме сядзіць і слухае твае размовы, каб зразумець, ці правільна робат іх распазнае. Гэта, зразумела, для людзей шок. Таму такі гучны розгалас у скандалу атрымаўся».

Паводле экспертаў, нічога звышнатуральнага ў гэткім зборы інфармацыі няма – гэта адбываецца ўжо не першы год. Інфармацыю збірае не толькі Facebook, гэта робіць і УКантакце, і Instagram, і Twitter.

«Сучасныя сацсеткі здольныя збіраць любую інфармацыю пра дзеянні карыстальніка. Уся камунікацыя, месцапрабыванні, інфармацыя кшталту таго, якія вы рабілі пакупкі – усё гэта вядома ўладальнікам сацсетак. Усё, што мы робім у публічных сетках, – гэта адназначна здабытак грамадства. Можна сказаць, што вобраз «вялікага брата» – не перабольшанне», – распавядае ІТ-адмысловец Сяргей Чарнавокі.

Праўда, пераважна сабраныя звесткі выкарыстоўваюцца не для нейкіх злачынных мэтаў, а для таргетаванай рэкламы. Глеб Рубанаў кажа:

«Ім, насамрэч, няважна, як завуць гэтага карыстальніка. Няважна, ці размова персанальна пра вас або мяне. Ім важна разумець, што яны разумеюць усё пра чалавека, які зайшоў на нейкі сайт і якому трэба паказаць рэкламу: узрост, геалакацыю, чым ён цікавіцца. Ім важна, што ён з сябе ўяўляе як спажывец рэкламы».

Але базы звестак могуць апынуцца і ў руках зламыснікаў або проста старонніх асобаў. Facebook’у ўжо давялося заплаціць вялізны штраф на 5 мільярдаў долараў праз тое, што прыватныя звесткі карыстальнікаў незаконна трапілі да паліттэхнолагаў.

А як ставяцца беларусы да таго, што іхныя персанальныя звесткі нехта збірае?

«Вельмі кепска. Навошта? Мне гэтага не трэба».

«Ну вядома ж адмоўна. Як яшчэ? Хацелася б, каб пра нас ведалі менш».

«Я назіраў проста, што калі ляжыць тэлефон на стале і ідзе гаворка пра нейкія рэчы, – зранку ў мяне гэтыя рэчы рэкламуюцца».

«Мне няма чаго хаваць».

Выглядае так, што адзіная магчымасць абмежавацца ад збору сацсеткамі персанальных звестак – не быць іх карыстальнікам. У любым іншым выпадку давядзецца з гэтым мірыцца. Прынамсі пакуль гэты збор не перайшоў пэўнай маральнай мяжы.

Дзяніс Ганчарэнка, belsat.eu