Новы пераслед абаронцаў Курапатаў: штрафы і наезд аўтамабілем


Распачаўся новы віток пераследу актывістаў, якія пратэстуюць супраць дзейнасці рэстарана «Поедем, поедим» побач з месцам масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Паўла Севярынца і Сяргея Аннянкова аштрафавалі, а ноч напярэдадні яны правялі ў ізалятары. Ці напалохае гэта тых, каму сумленне кажа несці бесперапынную варту ля месца масавых расстрэлаў?

Жонка Сяргея Аннянкова на суд над мужам прыйшла з торбамі ўсяго неабходнага для перабывання ў камеры. Усе рыхтаваліся да 15 содняў адміністратыўнага арышту. Валянціна, жонка Сяргея Аннянкова:

«Ужо не першы дзень ён ходзіць у Курапаты, штрафы былі, але не затрымлівалі».

Але адносна абышлося. Суд Менскага раёну прызнаў Сяргея Аннянкова і Паўла Севярынца вінаватымі ў непадпарадкаванні патрабаванням міліцыянтаў і прызначыў штрафы – 931 і 1200 рублёў адпаведна. Усё на падставе пратаколаў, без увагі да тлумачэнняў затрыманых актывістаў. Абаронцы Курапатаў кажуць, што гэта была спланаваная правакацыя. Дзмітрый Казакевіч, актывіст Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, удзельнік пратэстаў:

«Прыехаў правакатар на белай «Аўдзі» з нумарамі 1945 і спрабаваў нас давіць, лаяцца з намі, скандаліць. Выклікаў міліцыю. Прыехала міліцыя, стала складаць пратаколы».

На Дзмітрыя Казакевіча пратакол склалі на месцы, Севярынца і Аннянкова завезлі ў Бараўлянскі РАУС. Павел Севярынец, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі:

«І адразу «пройдёмте». Двух чалавек афармляюць на ноч у ізалятар часовага ўтрымання. Мяркуючы па ўсім, там была правакацыя, чалавек, які прыязджаў туды – неадэкватны сталініст».

Негвалтоўнае супрацьстаянне ў Курапатах цягнецца з чэрвеня, калі побач з братэрскімі магіламі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў распачаў працу рэстаран «Поедем, поедім». Грамадскія актывісты патрабуюць або закрыцця забаўляльнай установы, або радыкальнай змены яе дзейнасці. Бо карпаратывы і феерверкі проста ля народнага мемарыялу абсалютна не да месца. І штрафы, і затрыманні ўдзельнікаў абароны Курапатаў абсалютна не адпавядаюць ступені адміністратыўнага правапарушэння, кажуць праваабаронцы. Каментуе Гары Паганяйла, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага хельсінкскага камітэту:

«Робіцца ўсё, каб як мага больш жорстка пакараць вінаватага-невінаватага, і тым самым прадэманстраваць, што палітыка дзяржавы ў гэтым плане нязменная».

Будаўніцтва ў Курапатах забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол», які потым стаў рэстаранам «Поедем, поедім» мае ўсе прыкметы карупцыйнага парушэння закону – сведчыць расследаванне газеты «Новы час». Саўладальнік рэстарану Аркадзій Ізраілевіч не толькі судзіўся з журналістамі – безвынікова – але і асабіста нападаў на ўдзельнікаў пратэсту. Міліцыянты яго не затрымлівалі.

Гвалтоўныя дзеянні з боку праціўнікаў ахоўнага статусу Курапатаў адбыліся і напярэдадні, пасля затрымання Севярынца і Аннянкова. Аўтамабіліст, які хацеў праехаць у рэстаран, зрабіў наезд на актывіста Дзмітрыя Казакевіча. Дзмітрый Казакевіч, актывіст БХД, удзельнік пратэстаў:

«Як звычайна, мы прытармажвалі аўтамабілі, давалі лістоўкі. Але адзін аўтамабіль не хацеў тармазіць і браць улётку, і збіў мяне бамперам. Мяне завезлі ў шпіталь, зрабілі здымак».

У Дзмітрыя пералому няма, але калена атрымала моцны ўдар. А вось кіроўца аўтамабіля змог бесперашкодна з’ехаць з месца наезду, прысутныя міліцыянты ў цывільным яго не затрымлівалі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu