Незалежныя прафсаюзы не збіраюцца аплочваць першаймайскую акцыю


Незалежнікі следам за арганізатарамі «Чарнобыльскага шляху» не збіраюцца гуляць паводле новых правілаў.

«Трэба наагул сябе не паважаць, каб плаціць грошы невядома каму і за што. Тым больш мы існуем не за гранты, а за кошт унёскаў, якія нам пералічваюць чальцы нашых прафсаюзаў», – кажа Аляксандр Ярашук з Беларускай канфедэрацыі прафсаюзаў.

Дамаўляцца на ахову з міліцыяй трэба было і раней. Але напрыканцы студзеня ўрад прыняў пастанову аб новым парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Паводле яе, кошты аховы і працы хуткай дапамогі выраслі ў разы. Апазіцыя змены можа і праглынула б, калі б не інцыдэнт 24 сакавіка: тады «аплочаныя» заяўнікамі праваахоўнікі не саромеліся на вачах тысячаў беспадстаўна «вязаць» у тым ліку і арганізатараў акцыі.

Відэрэпартаж пра арганізацыю акцыяў пасля з’яўлення «падатку на акцыі» глядзіце ў поўным выданні навінаў за 27 красавіка

Будуць вымушаныя адмовіцца ад правядзення акцыяў шматлікія рэлігійныя і грамадскія арганізацыі. Так, гарадзенскія каталікі ў верасні не пойдуць у традыцыйную пілігрымку ў Капцёўку – прынамсі такі ліст ад святароў распаўсюджваецца сярод вернікаў. Курыя з каментарамі пакуль узяла паўзу. Затое ўжо публічна нашаму каналу аб такіх жа праблемах заявілі аматары спінінгу і нахлысту. Яны не ведаюць, як знайсці на ахову штогадовага спаборніцтва дваццаці чалавек каля тысячы долараў.

«Нават па вялікаму рахунку суботнік, не арганізаваны дзяржавай, а зыніцыяваны грамадзянамі, будзе прызнаны такой акцыяй. Усё залежыць ад таго, як на гэта паглядзяць міліцэйскія і ўсе іншыя адміністрацыйныя органы. Заканадаўства ў гэтым сэнсе можна назваць гумовым», – кажа праваабаронца Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак.

Расцэнкі на паслугі міліцыі пачынаюцца ад трох базавых велічыняў, калі ўдзел у падзеі возьмуць да дзесяці чалавек, і складзе амаль $ 2000, калі больш за тысячу чалавек. Пры тым няважна, мае ініцыятыва важны грамадскі (то бок, канстытуцыйны) характар ці камерцыйны. Пакуль жа з вялікіх акцыяў толькі на сёлетні Дзень Волі праз краўдфандынг удалося сабраць неабходную суму.

І з году ў год – усё больш. Сёлетні бюджэт Беларусі прадугледжвае рост на 9 % выдаткаў на суды і праваахоўныя органы.

Алесь Залеўскі, «Белсат»