Незалежныя прафсаюзы нагадалі пра сапраўдны сэнс Першамаю


1 траўня праўладныя прафсаюзы Беларусі адзначаюць як дзень мірнай працы. Але з пачатку Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных быў днём страйку, мітынгаў, пратэсту працаўнікоў, якія змагаліся за 8-гадзінны дзень і супраць бязмежнай улады кіраўніцтва дзяржавы. Сёння ў Менску прадстаўнікі апазіцыйных рухаў нагадалі беларусам сэнс Першамаю.

Афіцыйнае святкаванне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з нагоды Дня салідарнасці працоўных распачалося з ускладання кветак да стэлы «Менск – горад герой». У ім, сярод іншых, узялі ўдзел міністр працы і сацыяльнай абароны ды кіраўнік праўладных прафсаюзаў. Што цікава, нават афіцыйныя асобы прызнаюць не самы лепшы стан справаў у працоўнага народу.

«Неабходна ўзмацніць абарону чалавека працы. Сёння мы патрабуем, каб даходы насельніцтва былі адэкватныя выдаткам насельніцтва», – заявіў старшыня ФПБ Міхаіл Арда.

На афіцыйныя гулянні прыйшлі прадстаўнікі розных прадпрыемстваў са сталіцы і рэгіёнаў.

На свяце праўладных прафсаюзаў нечакана апынуліся прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага кангрэсу, якія ў натоўпе разгарнулі плакаты з антыўрадавымі лозунгамі. Неўзабаве паплечнікаў Міколы Статкевіча затрымалі ды адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Сам жа Статкевіч прыйшоў на свята да прафсаюзаў незалежных. І таксама казаў аб праблемах працоўных людзей.

«У любы час могуць, дзякуючы гэтым кантрактам, звольніць без тлумачэння прычынаў. Кантракт гадавы скончыўся – не трэба нават нешта прыдумляць – не працягнулі і ўсё. 80 % эканомікі кантралюе дзяржава – гэта значыць, больш за 80 % працоўных перабываюць у такой сітуацыі. А зроблена гэта, каб трымаць на кароткім палітычным ланцугу», – заявіў Статкевіч.

Удзельнікі мітынгу прынялі адмысловую рэзалюцыю. Перадусім яна патрабуе ад уладаў змены эканамічнага курсу, адмены гэтак званага дэкрэту аб дармаедах ды той жа кантрактавай сістэмы.

«Адная з нашых мэтаў як раз і палягае ў тым, каб вярнуць пачатковае значэнне гэтай даты – не як свята першага траўня, а як дзень, калі працоўныя ўсяго свету змагаюцца за свае правы. То бок выстаўляюць патрабаванні», – падкрэсліў Аляксандр Ярашук з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

«Цяпер камусьці кепска, а камусьці – вельмі кепска. А таму, каму добра, можа быць, сёння ў прэзідыуме на стэле стаяць. Ім, можа, і добра», – дадаў старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Не свята шашлыку, а дзень салідарнасці ды барацьбы за свае правы – сапраўдны сэнс першага траўня. Незалежныя прафсаюзы спрабуюць надаць новае жыццё гэтаму дню ды імпульс працоўнаму руху.

Зміцер Міцкевіч; фота – Алесь Карніенка