Незалежны крыптатрэйдар: Звычайныя грошы крыптавалютай не замяніць


«Blockchain & Bitcoin Conference» стартавала з Філіпінаў, а ўжо на 1-га сакавіка ў графіку арганізатараў стаіць Стамбул. Менск на мапе імпрэзы не выпадкова, Беларусь прынамсі імкнецца атрымаць статус аднаго з сусветных блокчэйн хабаў.

«Блокчэйн – інавацыйная тэхналогія, якая змяняе свет ужо зараз. Будучыня тут з намі і колькасць асобаў, якія сёння наведалі канферэнцыю, а гэта 400 чалавек даказвае, што бізнес гатовы да зменаў», – даводзіць Яраслава Вялікая з «Blockchain & Bitcoin Conference».

Пры гэтым тэхналогія размеркаванага рэестру можа выкарыстоўвацца не толькі ў IT-бізнесе. На суседнім украінскім рынку ўжо рэалізуюцца будаўнічыя праекты з тэхналогіяй блокчэйн.

«У першую чаргу для маніторынгу працэсаў будоўлі мы вырашылі выкарыстоўваць блокчэйн. Зачастую на маніторынг этапаў будоўлі ідзе да 10% ад кошту аб’екту. Мы з часам прыйдзем да таго, што гэтая лічба будзе зменшаная ў некалькі разоў», – упэўнены тэхнічны дырэктар «Bitrent» Дзмітрый Калеснік.

Цяпер у чатырох еўрапейскіх краінах

Швейцарыя, Мальта, Гібралтар і Эстонія – гэтыя краіны рэгулююць крыптавалюты на заканадаўчым узроўні. Што да Беларусі, кіраўніца кірунку блокчэйн інавацыяў у юрыдычнай фірме Nir Porat & Co кажа: дагэтуль не зразумела, як нашая краіна і Парк высокіх тэхналогіяў, сярод іншага, будуць рэгуляваць працу біржаў, абарот крыптавалютаў ды правядзенне ICO.

На пытанне, ці заменіць крыптавалюта з часам звычайныя грошы, эксперт з Кіева Кір Келеўра ўпэўнена адказвае «не», але крыптавалюта стане такім самым дадаткам, як сацыяльныя сеткі да жывой камунікацыі. Што да перспектываў нашай краіны ў гэтым бізнесе…

«Дэкрэт гэта добры першы крок, але там ёсць такая зорачка, што гэта дазволена толькі ў адным канкрэтным месцы. Мне падаецца, што гэта створыць свае маленькае камьюніці, якое будзе моцна абмежаванае гэтай зонай. Калі дазволіць цалкам, то мы мелі б бізнесы і крыптавалютныя пляцоўкі, якія хацелі б тут базавацца», – тлумачыць Келеўра.

З дапамогаю дэкрэту аб развіцці лічбавай эканомікі цягам найбліжэйшых 10 гадоў аб’ём угандляванага за экспарт Парку высокіх тэхналогіяў вырасце да $ 4,7 млрд на год, супраць $ 1 млрд цяпер.

Што праўда, праз 2 месяцы пасля падпісання дэкрэту № 8 эксперты ды інвестары працягваюць чакаць канкрэтных адказаў, як будзе працаваць рынак крыптавалютаў у Беларусі.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Michal Fludra / Zuma Press / Forum