Невядомыя звязалі дзверы будынку Міністэрства інфармацыі ланцугамі


Сёння ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень правоў чалавека, барацьба за выкананне якіх ў Беларусі ўсцяж застаецца актуальнай. З нагоды падзеі ў розных гарадах краіны адбыўся шэраг мерапрыемстваў: уручэнне праваабарончай прэміяў, акцыі і пікеты.

Праваабаронцамі года сталі Вольга Смалянка, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, а «Журналісткай года» – галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. У Міжнародны дзень правоў чалавека ў Менску адбылося ўручэнне нацыянальнай прэміі за дасягненні ў гэтай галіне. Найлепшай праваабарончай ініцыятывай года прызналі кампанію «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі».

«У праваабаронцаў такі лёс – быць назіральнікамі і людзьмі, якія адстойваюць свабоду, не даюць звужацца тэрыторыі правоў чалавека і спрабуюць яе пашыраць і дапамагаць простым людзям», – кажа Андрэй Палуда, праваабаронца.

Уручэнне прэміі прымеркавалі да 70-годдзя прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. З гэтай жа нагоды ля Міністэрства інфармацыі адбыўся флэш-моб – невядомыя актывісты заблакавалі дзверы будынку ланцугамі. На калонах ля ўваходу з’явіліся вытрымкі з Дэкларацыі і Канстытуцыі Беларусі – аб праве на доступ да інфармацыі. Уваход у міністэрства некаторы час быў заблакаваны.

Акцыя ж на Кастрычніцкай плошчы, прысвечаная прыняццю дэкларацыі, працягвалася менш за хвіліну – траіх удзельнікаў з плакатамі праваахоўнікі ў цывільным адразу ж забралі ў мікрааўтобус.

«Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах» – такімі словамі пачынаецца дакумент, якому споўнілася 70 гадоў. Але ў Беларусі сітуацыя з правамі чалавека і сёння, мякка кажучы, не ідэальная. Пасля справаздачаў, якія зрабілі ў Камітэце правоў чалавека ўлады Беларусі і незалежныя праваабаронцы, камітэт сфармуляваў 60 рэкамендацыяў для ўладаў. Але ўлады нашай краіны звычайна ігнаруюць рашэнні ААН.

«На сённяшні дзень няма ніводнай выкананай Беларуссю пазіцыі Камітэту правоў чалавека», – тлумачыць Павел Сапелка, праваабарончы цэнтр «Вясна».

Аднак праваабаронцы раяць усё ж звяртацца са скаргамі ў Камітэт правоў чалавека, бо толькі так міжнародная арганізацыя можа ацаніць карціну парушэння правоў.

На пачатак гэтага года Камітэт правоў чалавека ААН ужо прызнаў парушэнні правоў у 110-ці скаргах беларусаў з двухсот пяцідзесяці чатырох зарэгістраваных на той час зваротаў. Але ўвесь час з дапамогаю праваабаронцаў у ААН скіроўваюцца новыя скаргі.

«Безумоўныя лідары ў колькасці зваротаў – тыя, хто лічыць, што было парушанае іхнае права на правядзенне мірных сходаў або на свабоду выказвання меркавання. То бок гэта паведамленні тых, каго прыцягвалі да адказнасці за ўдзел у пікетах, мітынгах дэманстрацыях», – кажа Павел Сапелка, праваабарончы цэнтр «Вясна».

Але не толькі. У лістападзе Камітэт правоў чалавека зарэгістраваў скаргу бацькоў школьніцы з Маладзечна, якая загінула падчас сельгаспрацаў. Перамога ў спрэчцы з дзяржавай у Камітэце правоў чалавека ААН прыносіць сёння бадай толькі маральнае задавальненне, але менавіта з разумення ўласнай рацыі можна пачынаць і перамены ў краіне.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фота: Telegram-канал «Баста!»