«Нет обнищанию народа»: легендарны плакат – на продаж


Сёння на кірмашы ў Баранавічах актывіст прафсаюзу РЭП Рыгор Грык зладзіў незвычайны продаж-пікет.

«Другі раз я прыйшоў на рынак, каб выказаць тое, што я прадаю свой плакат дзеля дапамогі такім людзям, як я, якія за шмат гадоў пацярпелі ад уладаў», – заявіў актывіст.

«Нет обнищанию народа» – плакат легендарны. Зазнаў і маршы недармаедаў, і шматлікія пратэставыя шэсці ў Менску, Кобрыне, Бабруйску ды Баранавічах. Як дазволеныя, гэтак і недазволеныя акцыі пратэсту.

Рыгор Грык кажа: «У нашай Канстытуцыі сказана, што дзяржава павінная стварыць умовы, каб людзі жылі нармальна. У беларускім тэлебачанні мы бачым, што ў нас у краіне ўжо 500 долараў у нас людзі атрымліваюць заробку. Але ж усе ведаюць, якія ў нас рэальныя заробкі ў Баранавіцкім, Кобрынскім ці Бабруйскім раёне».

Аднак, не зважаючы на гэта, плакат не губляе сваёй актуальнасці, кажа баранавіцкі праваабаронца Аляксандр Вайцешык:

«Годны заробак у нас толькі на паперы. Чыноўнікі пра гэта толькі кажуць у радыё і тэлебачанні. Рыгор Грык нічога не парушае, калі або прадае плакат, або выходзіць з ім на мірныя сходы, паколькі мірныя сходы ў нас дазволеныя Канстытуцыяў. Нягледзячы на дазвол мірных сходаў у Канстытуцыі, улады ўсяляк прыціскаюць гэтае права і ўводзяць аплату нейкіх паслуг тыпу міліцыі ці ЖКГ, якія для звычайнага грамадзяніна непад’ёмныя з нашай рэальнай аплатай працы».

А таму і Рыгора Грыка падтрымліваюць не толькі паплечнікі, але і звычайныя грамадзяне. Да прыкладу, гандляр Мікалай Чарнавус: «Правільна Грык зрабіў, што выйшаў і прадае свой плакат! Калі грошай няма, і людзям трэба дапамагчы, правільна ён робіць. Сваёй выручкай ён і людзям дапаможа, і сабе».

Што праўда, пакуль пакупнікоў для плакату не знайшлося. Імаверна, тое «обнищание народа» з плакату дае пра сябе ведаць. Затое хапіла зляканых мінакоў і гандляроў па суседстве, якія ад незвычайнага продажу былі не ў захапленні. Аднак актывіст здавацца не плануе: сродкі з продажу ён перадасць тым, хто іх патрабуе. А потым прыйдзе сюды зноў, з іншым плакатам.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»