«Непатрыятычных» спартоўцаў пакараюць рублём


Вярніце грошы – і можаце скакаць, бегаць, выступаць пад сцягам іншай дзяржавы. Новы ўказ Аляксандра Лукашэнкі абавяжа кампенсоўваць выдаткі на рыхтаванне не толькі тых беларускіх спартоўцаў, якія пяройдуць у зборную іншых краінаў, але і тых, хто будзе сістэматычна парушаць абавязкі адносна ўдзелу ў спаборніцтвах.

Як будуць падлічваць суму выдаткаў за час трэнаванняў у Беларусі, пакуль ясна не зусім. Як і не зусім зразумелы механізм спагнання гэткай кампенсацыі.

Павел Хадасевіч, віцэ-чэмпіён свету-2018 па цяжкай атлетыцы:

«Чалавек затрачвае свой асноўны рэсурс – гэта час. Усё адно, пачынаючы з самых ранніх гадоў свайго жыцця, ён удзельнічае ў спаборніцтвах, як абласных, гэтак і рэспубліканскіх. Ён у любым выпадку дапамагае як трэнеру, так і самому віду спорту, развіваючы яго. Таму, я думаю, ніякія грошы не заменяць таго, што затраціў спартовец у плане свайго здароўя і часу».

Асабісты час і здароўе нацыянальным зборным прысвяцілі, між іншага, такія знакамітыя спартоўцы, як гандбаліст Сяргей Рутэнка, які выступаў на летняй Алімпіядзе ў Афінах ужо за зборную Славеніі; плыўчыха Алена Попчанка, якая пазней стала выступаць за зборную Францыі; футбаліст Арцём Мілеўскі, які атрымаў украінскае грамадзянства і пабудаваў кар’еру ў складзе ўкраінскай зборнай.

Аляксандр Пуціла, спартовы аглядальнік «Белсату»:

«Колькі, напрыклад, каштуе штучны футбольны газон на ФК «Менск»? Ці пляцоўка ў Лядовым палацы? Калі дзеці прыходзяць, яны ж самыя ўсё плоцяць. Яны і амуніцыю купляюць футбольную, і хакейную, і гэтак далей».

Ці спыняць новыя захады адплыў найлепшых айчынных спартоўцаў за мяжу, мы запыталі на вуліцах Менску:

«Калі чалавек хоча, ён робіць тое, што ён хоча. Гэта маё меркаванне. Любы свабодны чалавек так робіць заўсёды».

«Не спыніць тых, хто не мае сэрца ў сябе ў грудзях».

«З такім заробкам, як у нас плоцяць спартоўцам і трэнерам, канечне, будуць сыходзіць».

«Спорт – гэта вельмі важная частка геапалітыкі. І таму мы са скуры ледзь не лезем, каб нашым спартсменам было добра».

Галоўны ж ініцыятар новых захадаў – Аляксандр Лукашэнка – акурат летась хваліўся сваім асабістым унёскам у поспехі чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай, якую ён нібыта яшчэ маленькаю навучыў бегаць на лыжах.

Калі ж дапусціць, што вядомай біятланістцы давялося б вяртаць грошы за сваё рыхтаванне, паслугі трэнера Лукашэнкі, пэўна, уляцелі б больш як у капеечку.

Віталь Бабін belsat.eu

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum