«Непахвальная» пяцігодка


10 месяцаў на здзяйсненне цуду. Тэмпы эканамічнага росту Беларусі маюць перагнаць сярэднесусветныя, узняўшыся да трох з паловай адсоткаў. Гэткія заданні зазначаныя ў пяцігадовым плане эканамічнага развіцця краіны да 2021. Толькі вось пакуль «хваліцца асабліва няма чым», канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

У мінулай пяцігодцы ўлады не выканалі аніводнага з 11 «найважнейшых» прагнозных паказнікаў. У пяцігодцы бягучай:

«Плынь імпарту павялічваецца, а валавы ўнутраны прадукт вырас толькі за кошт унутранага попыту. Экспарт – прыярытэт пяцігодкі, а мы не толькі не асвойваем новыя рынкі, але і губляем традыцыйныя», – канстатаваў кіраўнік.

Аўтар адміністратыўнага кіравання эканомікай спытае за гэта з ураду. У Палацы Рэспублікі сёння сабраў больш за паўсотні асобаў: урад у поўным складзе, прадстаўнікоў адміністрацыі і кіраўнікоў мясцовай вертыкалі. Азнаёміўся са справаздачамі. Заклікаў будаваць гнуткую эканоміку. Эканаміст Леанід Фрыдкін лічыць:

«Першае і самае галоўнае дасягненне гэтай пяцігодкі – што яна падыходзіць да канца, а краіна ўсё яшчэ жыве і яе эканоміка »так-сяк-наперакасяк«, але яшчэ працуе».

Сярод фактычных дасягненняў – золатавалютныя рэзервы. У мінулай пяцігодцы яны скарачаліся, у гэтай – выраслі больш чымся ўдвая, паводле стану на пачатак года. Але згодна з прагнозамі аналітыкаў МВФ, сёлета нашыя актывы знізяцца прыкладна на 1,8 млрд, бо са скарбніцы будзем пагашаць дзяржаўны доўг.

Знешні – цягам чатырох гадоў вырас на 5 мільёнаў долараў да $ 17,1 млн і згодна з прагнозамі ўраду сёлета працягне рост. А ўнутраны, які краіна навучылася рэгуляваць, на гэтым этапе пяцігодкі скараціўся на мільярд рублёў да Br 8,7 млрд.

Не вядома, як будзе на фінішы, бо сёлета на 9,2 % узрастуць выдаткі дэфіцытнага бюджэту, аб’ём падаткаў застанецца нязменны. Калі летась рост эканомікі склаў 1,2 %, то праз цяжкасці з нафтаю сёлета па выніках года будзе «мінус» – лічыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Балансаванне паміж рэцэсіяй і стагнацыяй – вынік таго што ўлада 10 гадоў працягвае эксперыменты з дзяржпланам. І як спадар Лукашэнка кажа: «Колькі яшчэ вы будзеце спрабаваць ашукаць законы эканомікі?»

То беларускі ўрад на чале з Лукашэнкам менавіта гэта рабіў у 2019 годзе і пачаў год менавіта з гэтага. Галоўнаю мэтаю гэтай пяцігодкі называлі павышэнне якасці жыцця. Удалося з інфляцыяй – яна меншая за 5 %, прыбыткі беларусаў (за яе мінусам) выраслі на 6 % адсоткаў. Ці заўважылі людзі дабрабыт у афіцыйнай статыстыцы – кажуць жыхары Магілёву:

«Сталі лепш жыць, бог муж паехаў у Еўропу працаваць, там заробкі лепшыя».

«Я набываю «Вечерку» толькі з-за таго, што там ёсць рубрыка «Зараз скажу». Лукашэнка хоць раз бы па*ла паглядзеў і пачытаў газету разам са сваім урадам, пачытаў што робіцца».

«Камуналка і абсалютна ўсё падаражэла. Гэта свавольнасць! Так нельга! Народ жабруе, пенсіі не растуць увогуле».

«Хочацца пераменаў, паляпшэння і прагрэсу. Але мы гэтага не атрымліваем, бо ў вярхах сядзяць не маладыя людзі, якім выгадна весці такую кансерватыўную палітыку».

З трыбуны Кастрычніцкага форуму «Нябачная рука Левіяфана», прадстаўнік ураду Аляксандр Турчын пераконваў – будучыня за інтэлектуальным прадуктам, а не перапрацоўчымі прадпрыемствамі:

«Дзяржаўная палітыка можа ці дастасавацца да патрэбаў прагрэсу, ці ігнараваць іх. У першым выпадку прагрэс паскорыцца. У другім – пройдзе побач дзяржавы, пакінуўшы яе на ўзбочыне».

Пасля гэтай імпрэзы Лукашэнка шмат разоў казаў пра неабходнасць будаваць сучасную, гнуткую эканоміку, аднак аніводнага адпаведнага дакументу за гэты час не падпісаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»