Некаторыя спа-працэдуры ўключылі ў спіс ліцэнзуемай медычнай дзейнасці


Спа-цэнтры могуць збанкрутаваць, а іх працаўнікі – страціць працу. І ў дадатак крэдыты банкам застануцца нясплочаныя. Гэткія рызыкі, паводле адмыслоўцаў спа-галіны, нясе пастанова Савету Міністраў № 307, якая акрэслівае шэраг працэдураў, што патрабуюць медычнага ліцэнзавання.

Сярод іншага, у дакуменце пералічваюцца і некаторыя спа-маніпуляцыі, якія дагэтуль акрэсліваліся як бытавыя. І згодна з указам Лукашэнкі № 326, атрымання ліцэнзіі на іх выкананне не патрабуецца.

«Ніхто ў спа нікога не лечыць. Найперш гэта паслугі, накіраваныя на рэлаксацыю. У нас час на зняцце напругі – не толькі разумовай, але і напругі цела», – зазначае дырэктарка Асацыяцыі прыкладной эстэтыкі і спа Тамара Каралёва.

Паводле новай пастановы, ухваленай Саветам Міністраў яшчэ 25 траўня, спіс абавязковых да ліцэнзавання працэдураў пашырыўся да 80 пунктаў. У яго ўвайшлі некаторыя віды ліфтынгу, эпіляцыяў, масажу, вакуум – ды інгаляцыйная тэрапіі і іншыя.

«Па вялікім кошце, тых, хто цяпер працуе ў спа, трэба будзе проста выгнаць на вуліцу. Бо яны не будуць адпавядаць той кваліфікацыі, якая мяркуе атрыманне медычнай ліцэнзіі», – кажа Тамара Каралёва.

Цікава, што літаральна напярэдадні ўхвалення пастановы № 307 адбылася сустрэча кіраўніка дзяржавы з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам і сваім памочнікам Аляксандрам Касінцом. І тады Лукашэнка гаварыў якраз аб празмерным імкненні ўрэгуляваць некаторыя працэсы ў спа-галіне.

«Гэта ні да чаго добрага не прывядзе: мы будзем трымаць лішніх чыноўнікаў, і гэта будзе злаваць пэўную частку тых работнікаў, якія хочуць займацца масажамі ці нейкімі працэдурамі, якія не параўнаць з хірургічнымі аперацыямі. Ці трэба нам умешвацца ў падобныя рэчы?», – выказаўся Аляксандр Лукашэнка.

Пастанова мае ўступіць у сілу толькі ў жніўні. Аднак некаторыя спа-салоны ўжо атрымалі штрафы памерам 765 беларускіх рублёў за выкарыстанне апаратаў для эпіляцыі, якія Міністэрства аховы здароўя палічыла медычнымі.

«Ніякіх экспертызаў Мінздароўе не праводзіла адносна абсталявання. Не ведаю, на чым грунтавалася іх рашэнне. На фоне высновы Мінздароўя суддзя Эканамічнага суда вынес рашэнне, што мы вінаватыя, праводзім эпіляцыю без ліцэнзіі», – распавядае Belsat.eu дырэктарка аднаго з салонаў на ўмовах ананімнасці.

Між тым, не ўсе працаўнікі спа-галіны спяшаюцца біць трывогу. Дырэктар прадпрыемства «BELPOLFRAN» Станіслаў Вілісаў падкрэслівае: судовыя справы – адзінкавыя, а таму панікаваць заўчасна. Дый спа-галіна ўсцяж застаецца пад рэгуляваннем указу Лукашэнкі № 326.

«Калі ў будучым праваўжывальная практыка сапраўды будзе такой, што суды не будуць улічваць, што існуе ўказ прэзідэнта, што існуе цэлы стандарт, які выпускаўся дзяржавай адносна паслугаў. І не будуць звяртаць увагі на гэтыя рэчы, а будуць глядзець толькі на пастанову № 307, вось тады гэта будзе дрэнна», – падкрэслівае ён.

Таксама Станіслаў Вілісаў спадзяецца, што развязаць супярэчнасці паміж двума дакументамі дапаможа пастанова, ініцыяваная Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якая датычыць правілаў бытавога абслугоўвання. Згодна з яе праектам, разглядаецца магчымасць, каб наведнік самастойна выбіраў віды паслугаў, якія ён хоча атрымаць ад установы.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»