«Небяспечная для наведвання». Украінцы могуць перастаць ездзіць у Беларусь


Амаль тры тыдні пасля выкрадання грамадзяніна Украіны з тэрыторыі Беларусі спецслужбамі Расеі. Аднак айчыннае МЗС дагэтуль не мае дастатковай інфармацыі ў справе. З такою заявай падчас брыфінгу выступіў прадстаўнік ведамства.

«На гэты момант усё, што датычыць беларускага эпізоду гэтай справы, – гэта інфармацыя медыяў. Каб рабіць нейкія заявы ў адказ, тым больш крокі, трэба мець афіцыйную пэўную інфармацыю з праваахоўных органаў. У МЗС Беларусі на гэты момант такой інфармацыі няма», – заявіў прэс-сакратар Дзмітрый Мірончык.

Ведаюць, але не хочуць распавядаць?

Узнікае пытанне: беларускі бок не мае інфармацыі ці ўсё ж такі не вельмі імкнецца разабрацца ў справе? Яшчэ на пачатку верасня ў эфіры нашага тэлеканалу сястра зніклага Паўла Грыба распавяла, з якімі праблемамі ейная сямʼя сутыкнулася, шукаючы хлопца.

«Беларускі бок з 24-га па 31-е жніўня не даваў ніякай інфармацыі пра тое, што ён перасек беларускую мяжу», – скардзілася Воля Грыб.

Уся Еўропа сочыць за справай

Гісторыя з выкраданнем ФСБ украінскага студэнта і абвінавачаннем яго ў тэрарызме шырока разышлася ва ўкраінскіх, расейскіх, беларускіх, літоўскіх медыях. Сочаць за сітуацыяй і ў польскай «Жэчпасполіта». Напярэдадні заклік прыняць захады для вызвалення Паўла Грыба прагучаў і ў Радзе Еўропы.

Тое, што Беларусь далёка не палітычна нейтральная краіна сведчаць і іншыя нядаўнія рэзанансавыя справы: студзеньская экстрадыцыя ў Азербайджан блогера Аляксандра Лапшына і перадача ў чэрвені МУС Чачэніі спартоўца Мурада Амрыева. Ва Украіне ж на самым высокім узроўні заяўляюць пра небяспеку паездак да паўночных суседзяў.

«Давайце скажам шчыра: пасля таго, як Павел Грыб знік з тэрыторыі Беларусі, мы мусім казаць аб небяспецы для ўкраінскіх грамадзянаў заставацца не толькі на расейскай тэрыторыі. (…) Цяпер у нас стварылася сітуацыя, калі мы бачым, што расейскія спецслужбы дзеюць таксама на тэрыторыі Беларусі, і я лічу, што ўкраінскія грамадзяне мусяць браць пад увагу, якім чынам ездзіць туды», – заявіў Паўло Клімкін, міністр замежных справаў Украіны.

Гісторыя знікнення

Дзевятнаццацігадовы Павел Грыб прыехаў у Беларусь дваццаць 24-га – для сустрэчы з дзяўчынаю-расяянкай. Бацька хлопца ўпэўнены, што гэта была пастка, падрыхтаваная ФСБ РФ для затрымання маладога чалавека. Што і адбылося ў Гомлі.

«Да яго падышлі нейкія людзі ў цывільным. Пасадзілі яго ў мікрааўтобус і павезлі. Свабода была абмежаваная ў выглядзе фіксацыі рук. Недзе яны ехалі і ўжо ў прыцемках у нейкім лесе перадалі яго іншым людзям», – распавёў падрабязнасці Андрэй Сабінін, адвакат Паўла.

Праз два тыдні стала вядома, што Павел перабывае ў Краснадарскім СІЗА. Да яго дагэтуль не дапусцілі прадстаўнікоў украінскіх уладаў.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum