«Не альтэрнатыва, а працяг святкавання». Апазіцыя мае свае планы на Дзень Волі-2019


101-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка плануюць адсвяткаваць апазіцыйныя палітычныя партыі і рухі Беларусі. А’яднаная грамадзянская партыя (АГП), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», рух «За Свабоду» пры падтрымцы партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя заявілі пра намер правесці масавы мітынг і канцэрт каля Опернага тэатру ў Менску. Заяўнікі засяроджваюць увагу на палітычным складніку святкавання, а таксама заяўляюць пра падтрымку ўсіх святочных імпрэзаў у гонар Дня Волі. Падрабязнасці падае Галіна Абакунчык.

Вось на гэтай пляцоўцы каля Опернага тэатру Менску 25 сакавіка апазіцыйныя палітычныя партыі ды рухі маюць намер сабраць да 30 тысячаў чалавек. Святкаванне 101-ых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі яны прысвячаюць абароне незалежнасці Беларусі.

Скасаванне дамовы аб стварэнні беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы, замацаванне бел-чырвона-белага сцягу і гербу «Пагоня» у якасці гістарычных дзяржаўных сімвалаў, падтрыманне і развіццё беларускай мовы і культуры – асноўныя пасланні, якія ўладам Беларусі збіраюцца скіраваць арганізатары і ўдзельнікі святкавання ў выглядзе рэзалюцыяў і сабраных подпісаў.

«Перадусім мэта гэтай акцыі – палітычная. І мы заклікаем усіх далучацца, бо сёння мала проста казаць пра незалежнасць. Надышоў час падтрымліваць незалежнасць практычна. І мы сёння гэта прапаноўваем», – заяўляе сустаршыня аргкамітэту партыі БХД Віталь Рымашэўскі.

Лідары палітычных партыяў падкрэсліваюць, што запланаваны мітынг і канцэрт каля Опернага тэатру не альтэрнатыва, а працяг святкавання ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, што запланаваныя напярэдадні, 24 сакавіка, на менскім стадыёне «Дынама», толькі з палітычным ухілам.

«Гаварыць пра нейкія рознагалоссі не даводзіцца. Мы адмыслова падалі заяўку на 25 сакавіка, бо ведаем, што ёсць святочны канцэрт 24 сакавіка. І я думаю, што гэтыя імпрэзы будуць хіба дапаўняць адна адную», – кажа старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Заяўнікі мяркуюць, што замоўленае месца святкавання – каля Опернага тэатру Менску, як тое дазволілі летась, – дае шанец атрымаць такі дазвол і сёлета. Аднак не выключаюць і іншых сцэнароў.

«Зараз мячык на баку ўладаў – ім вырашаць, як гэта мае быць: у цывілізаваных рамках ці ў такім выглядзе, як яны часта гэта робяць», – мяркуе выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў.

Апазіцыйныя палітыкі заяўляюць, што святкаванне Дня Волі 25 сакавіка пройдзе з 16-ай да 21-ай гадзіны вечара і адбудзецца незалежна ад таго, ці дасць на гэта ўлада свой афіцыйны дазвол.

Галіна Абакунчык, belsat.eu