Навошта сэканд-хэндам хочуць забараніць прадаваць новае адзенне

Апранацца прыгожа і нядорага шмат каму дазваляе наяўнасць сэканд-хэндаў. Але Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю хоча абмежаваць асартымент гэтых крамаў, забараніўшы ім прадаваць новае адзенне. Змены вынеслі на грамадскае абмеркаванне.

Апрануць стылёва ўсю сям‘ю і пры гэтым ашчадзіць. Такую магчымасць даюць крамы ўжыванага адзення з Еўропы з традыцыйна нізкімі коштамі. Пакупнікоў тут зазвычай даволі шмат. Пакупнікі сэканд-хэндаў Бабруйску кажуць:

«З нашымі заробкамі толькі сюды хадзіць!»

«Наша беларускае вельмі дорага і выбару асабліва няма».

«За 27 рублёў адзела ўсю сям’ю

«Якасць і кошт прымальныя».

«Асабліва для пенсіянераў гэта вельмі выгадна».

«Тут бывае новае адзенне, нават з біркамі – крамнае».

Тым часам чыноўнікі антыманапольнага ведамства хочуць забараніць сэканд-хэндам прадаваць новае адзенне. Адпаведны праект пастановы ўраду вынесены на грамадскае абмеркаванне.

«На ўнутраным рынку за апошнія некалькі гадоў адбылося маштабнае пераразмеркаванне рынку – ад айчынных тавараў да імпартных, а продаж стокавых тавараў пад выглядам тавараў кшталту сэканд-хэнд стварыў няроўныя ўмовы канкурэнцыі для айчынных вытворцаў», – упэўненыя ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Магчымая забарона дырэктарку сеткі сэканд-хэндаў Наталлю Курык не хвалюе. Новымі рэчамі яны не гандлююць. Змаганне ж з крамамі ўжыванага адзення, на яе думку, на продаж прадукцыі «Беллегпраму» не паўплывае.

«Трэба не з таго зыходзіць, не прыбіраць. Яны лічаць, сэканды – канкурэнты. Нават смешна гучыць. Мы ім не канкурэнты. У іх тавар новы, у нас ужываны. Але калі «Беллегпрам» лічыць сэканд-хэнд канкурэнтам, мяркую, у іх нікчэмны стан», – гаворыць дырэктарка сеткі крамаў «Эканом-сіці» Наталля Курык.

Паводле «Беллегпраму» у крамах сэканд-хэнду часцяком рэалізоўваюць стокавыя тавары. Тым самым імпарцёры, маўляў, ухіляюцца ад выплаты мыта на новыя вырабы – а гэта 15 % ад цаны.

«Калі будуць уведзеныя абмежаванні супраць сэканд-хэндаў, праблема наўрад ці будзе развязаная пры сённяшніх рэаліях. Таму што, у прыватнасці, існуюць маштабныя схемы кантрабанды ў Беларусь таннай турэцкай вопраткі пад выглядам тканіны, якую чыняць кампаніі сярод найбуйнейшых лагістычных аператараў Беларусі», – кажа Эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

На думку эксперта, сэканд-хэнды і «Беллегпрам» усё ж канкуруюць – у нішы таннай вопраткі. Канчатковы ж выбар паміж новым айчынным ды ўжываным замежным робіць пакупнік.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама