Навошта Саюзную дзяржаву стваралі і чаму не стварылі?


Дваццаць гадоў сустрэчаў і абяцанняў. Чаму Аляксандр Лукашэнка з такім энтузіязмам падпісаў дамову аб стварэнні супольнай з Расеяй дзяржавы? Чаму за гэтыя дваццаць гадоў дзяржавы гэтак і не стварылі? Наколькі высокія шанцы, што яе створаць у найбліжэйшай будучыні?

Уладзімірскі зал Вялікага крамлёўскага палацу. У дзявятую гадавіну Белавежскіх пагадненняў, якія ліквідавалі Савецкі Саюз, Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісваюць дамову пра стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Лукашэнка тады быў як ніколі блізка да сваёй мэты – стаць валадаром Крамля.

«Лукашэнка і побач з ім Ельцын, які ўжо сыходзіў з палітычнай сцэны. А Лукашэнка – малады, энергічны, які ездзіць у рэгіёны (ад Кубані па Далёкі Ўсход) і бачыць, што яго сустракаюць з кветкамі», – узгадвае кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Курс на аб‘яднанне з Масквой прынёс Лукашэнку не толькі любоў расейскай публікі. У красавіку 1997 года Менск атрымаў неабмежаваны доступ да расейскага рынку, а таксама газ і нафту за кошты, удвая ніжэйшыя за сусветныя. Як дадатак, за газ Беларусь плаціла не грашыма. 90 адсоткаў паставак аплачваліся трактарамі і МАЗамі.

«Для Лукашэнкі гэта быў бонус. Для краіны, для Беларусі, зыходзячы з гістарычнай перспектывы, гэта стала праблемай, якую мы адчулі толькі зараз. Нашая эканоміка – яна неканкурэнтаздольная», – кажа Анатоль Лябедзька.

«Новы год сустрэнем разам» – пісала беларуская дзяржаўная прэса ў снежні 1999-га. Аднак надзеі Лукашэнкі ўвайсці ў Крэмль рассыпаліся вельмі хутка – прэзідэнцкую пасаду Ельцын перадаў не яму, а Уладзіміру Пуціну.

«Перакананы, што працуючы на гэтай пасадзе, ён прынясе вялікую карысць Расеі», – казаў у жніўні 1999 года расейскі кіраўнік.

Карысць для Расеі Пуцін бачыў у найхутчэйшым выкананні Саюзнай дамовы – гэта значыць, у стварэнні адзінай дзяржавы. 14-га жніўня 2002 года, стаміўшыся ад двухгадовых перамоваў, кіраўнік Крамля прапанаваў Менску жорсткі графік.

«У траўні наступнага года можна было б правесці рэферэндум у пытанні канчатковага аб‘яднання. У снежні 2003 года можна было б правесці выбары ў супольны парламент, а ўвесну 2004 года правесці выбары агульнага кіраўніка дзяржавы», – заявіў Уладзімір Пуцін.

Аддаваць дзяржаўную ўладу Аляксандр Лукашэнка не хацеў, але і не збіраўся адмаўляцца ад расейскіх эканамічных бонусаў. Перамовы аб продажы «Белтрансгазу» зайшлі ў тупік, таму «Газпром» павысіў цану паліва на чвэрць. Калі Менск адмовіўся плаціць, Масква перакрыла газаправод.

«Хай нас папракнуць, што мы не выстаялі, але я лічу, што трэба падпісаць дамову на ўмовах Пуціна. Хоча Пуцін, каб мы плацілі гэтыя грошы, – заплацім! Забярэм ад лекаў, ад чарнобыльцаў, ад тых, хто ў акопах гніў!» – абураўся ў лютым 2004-га Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно абяцанне – увесці расейскі рубель – кіраўніцтва Беларусі не выканала ані ў 2004 годзе, ані ў 2006-м.

«У нашых інтэграцыйных пагадненнях запісанае імкненне, або планы, увесці супольную валюту. Расея не згодная ўвесці супольную валюту. Яна лічыць, што расейскі рубель і адзіная валюта – гэта адно і тое ж. Не, гэта не адно і тое ж», – тлумачыць эксперт парталу «Наше мнение» Валерыя Касцюгова.

Як вынік, на пачатку 2007-га Масква скарачае чарговую датацыю. Яна пазбаўляе Менск магчымасці свабодна прадаваць за мяжу расейскую нафту. За дзесяцігоддзе Менск і Масква перажылі не менш за чатыры канфлікты вакол умоваў паставак нафты і тры – вакол цаны на газ. Пры гэтым субсідыі працягвалі скарачацца нават тады, калі Беларусь далучылася да створанага Масквой Еўразійскага эканамічнага саюзу і пайшла на істотныя саступкі ў энергетыцы.

«Мы сапраўды стварылі супольнае газатранспартнае прадпрыемства, прадаўшы «Белтрансгаз» і ўсю сістэму газаправодаў «Газпрому». Аднак мы ані разу не атрымалі кроку ў адказ – роўных цэнаў на газ», – заўважае Валерыя Касцюгова.

Скарачэнне расейскіх субсідыяў і войны Крамля супраць Грузіі ды Украіны падштурхнулі Менск шукаць новых партнёраў – зазначае Валерыя Касцюгова. Аднак палітычную і эканамічную залежнасць ад Крамля гэта скараціла не нашмат. Масква, у сваю чаргу, таксама застаецца залежнай ад Менску.

«Гэта выхад да межаў краінаў NATO. Гэта супольная сістэма СПА, гэта супольная сістэма памежнага кантролю і ўзаемадзеяння спецслужбаў. Гэта, урэшце, базаванне расейскіх радыёлакацыйных станцыяў», – пералічвае расейскі публіцыст Канстанцін Эгерт.

Замерлую на пачатку нулявых беларуска-расейскую інтэграцыю нечакана год таму прапанаваў ажывіць расейскі прэм’ер Мядзведзеў.

«Пры адсутнасці вялікага геапалітычнага сюжэту, які мог бы зноў падняць пуцінскі рэйтынг да крымскага ўзроўню перад транзітам улады, любое ўзмацненне супрацы з Беларуссю, Казахстанам – прыязнымі Расеі дзяржавамі, як лічаць у Крамлі, спрыяюць пазітыўнаму піяру ўладаў», – тлумачыць Канстанцін Эгерт.

На думку расейскага публіцыста, рэалізаваць чарговы «крымнаш» у Беларусі не ўдасца. Уладзіміру Пуціну надалей давядзецца мірыцца з Лукашэнкам як з непазбежным, хоць і непрыемным партнёрам.

Аляксандр Папко, «Белсат»