Навошта чыноўнікі адбіраюць дзяцей падманам?


Антона і Мікіту забралі пасля таго, як сям’ю наведала з правяраннем памочніца пракурора раёну Святлана Стахоўская. У стрэсе маці хлопчыкаў прыняла праверку нядобразычліва. Паводле кабеты, працаўніца пракуратуры дала падпісаць пусты бланк.

Пасля гэтага штодня сталі прыязджаць камісіі

Шукалі пыл пад ложкамі, зазіралі ў лядоўню, правяралі шафы, бялізну, усё фатаграфавалі, здымкі паказвалі на паседжанні ў райвыканкаме. Праз тыдзень дзяцей забралі. А пазней у тым «пустым бланку» з’явілася апісанне, ад якога, як кажа Вольга, «валасы ўстаюць дыбам». Па тлумачэнні мы накіраваліся ў пракуратуру. Святлана Стахоўская каментаваць не стала, але завяла да начальніка.

«Пракурорскі супрацоўнік, мой, пракуратуры крупскага раёну, як і я асабіста, ніякага дачынення да таго, каб адбіраць дзяцей у грамадзянкі Сушко не прымалі. Гэта рашэнне прыняла камісія на паседжанні камісіі па справах непаўнагадовых крупскага раённага выканаўчага камітэту», – тлумачыць пракурор Крупскага раёну Дзмітрый Макарэвіч.

Дзіцячы прытулак месціцца ў Халопенічах

Паводле жыхароў, ён пад пагрозаю расфармавання праз недахоп дзяцей. Цяпер там прыблізна 12 выхаванцаў. Працаўнікоў жа значна болей. Кожны раз, як кагосьці адпускаюць з прытулку, пачынаюцца новыя рэйды.

Пасля здарэння Вольга звярнулася ў абласную пракуратуру, ліст «спусцілі» назад у раённую, у выніку – вынеслі прадпісанне ўтрымліваць дзяцей не два месяцы, а шэсць.

«Тады ў генеральную, я яе прасіла, можа не паедзем. Бо я баюся, не вернем дзяцей. Яны мне сказалі, будзеш скардзіцца, мы цябе зусім пазбавім бацькоўства, ты іх увогуле не забярэш», – праз слёзы ўзгадвае Вольга.

Заробак у жанчыны – каля Br 350. А за ўтрыманне дзяцей трэба плаціць Br 410. З заробку ўтрымліваюць 75 %, астатняе ідзе таксама на дзяцей.

У мясцовай краме вырашылі выказацца

«Ведаеце, мы ўсе былі шакаваны гэтым. Ёсць сем’і і горш, якія зусім не глядзяць за дзецьмі, і дзяцей не забіраюць», – звярнула ўвагу прадавачка Лілія Грэбень.

Засталіся ў Вольгі спадзяванні толькі на ўвагу грамадскасці.

«Цукеркі дзецям! Во! Бяру цукеркі, каб у прытулак насіць дзецям. Яблыкі, усё. Учора занесла. Спадзяюся, што мне іх аддадуць. І моцна спадзяюся. Але не хочуць аддаваць, але я ж не алкашка. У мяне ўсё хапае! Я дзетак сваіх люблю!».

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»