Націскаеш на гузік – глядзіш «Белсат». Мы запусцілі «BELSAT SMART»


Наш тэлеканал абзавёўся дадаткам для смарт тв праз які цяпер можна зручна знайсці і глядзець усё, што стварае наша буйная тэле-каманда! Як паставіць дадатак, чаму лагатыпам абрана сава, і што такое кампанія «Be Smart – глядзі сваё»?

Вось так выглядае смарт тв Белсата, можна вельмі зручна выбіраць любую праграму, але апрача тэлебачання можна ўсё гэта паглядзець і на смартфоне з аперацыйнымі сістэмамі «Андроід» а таксама Ай-ос.

«Каб скарыстацца з гэтага, трэба зайсці ў краму «Google Play» і спампаваць адтуль прыкладанне на тэлевізар ці на мабільны тэлефон. Чаму гэта варта зрабіць? Бо націскаючы толькі адзін гузік на пульце, адразу глядзіш «Белсат», – тлумачыць Вольга Швед, кіраўніца лічбавага развіцця «Белсату».

Інсталяваць дадатак варта і таму, што…

«У «Смарт ТВ» наш глядач можа знайсці абсалютна ўвесь кантэнт, які мы маем, і які прадукуем. Можна паглядзець жывы эфір, можна дакументальныя фільмы. Можна пабачыць усе праграмы – нават тыя, якіх мы не заліваем на «ЮТ’юб». І таксама ў «Смарце» мы плануем шмат эксклюзіўнага – тое, што вы знойдзеце выключна ў аплікацыі «Смарту», адзначае Ганна Аземша, рэдактарка аддзелу прамоцыі.

Новы лагатып з савой распрацаваў дызайнер Аляксандр Чабатароў. І вобраз разважлівай птушкі – не выпадковы. Ад 11 траўня да 10 снежня мы ладзім адмысловую інфармацыйную кампанію.

«Кампанія «Be Smart» – на вельмі сучасную тэму, гэта пра навакольнае асяроддзе і жывёлінаў. Мы цяпер бачым, што адбываецца пандэмія, і не ведаем, ці будзе праца, ці застанецца здароўе, а тым часам мы штодня можам клапаціцца пра асяроддзе і жывёлінаў». – кажа Лукаш Бырскі, кіраўнік рэдакцыі анансавання і прамоцыі «Белсату».

Таксама, каб берагчы навакольнае асяроддзе, можна карыстацца шматразовымі торбамі ў крамах, часцей хадзіць па сходах ці нават будаваць звычайныя шпакоўні для птушак. Пра тое, як лепш клапаціцца пра наваколле нават ва ўмовах пандэміі, мы будзем распавядаць вам і далей.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»