Нацбанк афіцыйна абвесціў дзяржпрадпрыемствы-даўжнікі пагрозаю для фінансавай сістэмы Беларусі


Дзяржаўныя прадпрыемствы-даўжнікі – пагроза для стабільнасці фінансавай сістэмы Беларусі. Гэтак сцвярджае намеснік старшыні Нацбанку Дзмітрый Калечыц у сваім новым дакладзе. Ад чаго яшчэ могуць збанкрутаваць беларускія банкі ды падарвацца курс рубля? Распавядзе Аляксандр Папко.

Калосы на гліняных нагах. Буйныя дзяржпрадпрыемствы са слабаю плацежаздольнасцю назбіралі крэдытаў ажно на 15 адсоткаў усяго валавога прадукту Беларусі. Гэта – каля 9 мільярдаў долараў. Эканамічны аналітык Станіслаў Івашкевіч:

«Яны бралі вялікія крэдыты на мадэрнізацыю, не падтрыманую ніякімі бізнес-планамі. Гэта была мадэрнізацыя дзеля мадэрнізацыі. Ім далі заданне «асвоіць сродкі», а пра тое, як іх вяртаць, яны нават і не думалі».

Каб падтрыманне хранічных даўжнікоў не падарвала банкі ды курс рубля, дзяржава збіраецца пасадзіць дзяржаўны сектар на «фінансавую дыету».

«Гэты ком крэдытаў пастаянна павялічваецца. Раней дзяржава яго змяншала пры дапамозе рэкапіталізацыі ці ўнясення сваіх сродкаў у статутны фонд і так дзяржаўных прадпрыемстваў. А цяпер у дзяржавы такіх магчымасцяў значна менш», – кажа Станіслаў Івашкевіч.

Вонкавы доўг Беларусі:

2012 год – $ 33 млрд

2014 – $ 40,5 млрд

2016 – $ 38 млрд

2018 – $ 39,4 млрд

Другая пагроза ўстойлівасці беларускіх банкаў – замежны доўг, які складае каля 40 мільярдаў долараў. На выплату пазык штогод наша краіна выдаткоўвае ажно 4 адсоткі свайго валавога ўнутранага прадукту. Праблемаю для банкаў можа стаць і закрэдытаванасць насельніцтва. Летась беларусы сталі браць крэдыты ў паўтара разы часцей. Старэйшы аналітык «ALPARI» Вадзім Іосуб:

«Цяпер фізічныя асобы – гэта дастаткова дысцыплінаваныя пазычальнікі. Адсотак праблемных крэдытаў сярод спажывецкіх – мінімальны. Але Нацбанк спрабуе зазірнуць наперад, каб пазбегчы патэнцыйных праблемаў у будучыні».

Сярэдні спажывецкі крэдыт у Беларусі бяруць крыху больш чым на тры гады (3,3 года). Бяруць іх людзі з заробкам каля 800 беларускіх рублёў і на абслугоўванне пазыкі штомесяц сплачваюць пятую частку сваіх даходаў (BR 164). Пры гэтым больш за палову крэдытаў нашыя банкі выдаюць у доларах. У іх жа захоўваецца і больш як палова ашчаджэнняў беларусаў. Жыхары Пінску гавораць:

«Надзейнейшая валюта гэтыя долары».

«Гэта самая папулярная валюта ў свеце, і яна адносна стабільная».

«Эксперты кажуць, што ва ўсіх валютах – у каго ёсць магчымасць, канечне. А што мы будзем рабіць, пенсіянеры, за 300 рублёў?»

Такі давер да вечназялёнай амерыканскай валюты і недавер да роднага зайчыка і ёсць трэцяю пагрозаю для беларускіх фірмаў ды іх крэдытораў.

«Курс валюты можа моцна вырасці. І якім чынам яны будуць вяртаць крэдыт, калі для гэтага будзе патрэбная значна большая колькасць беларускіх рублёў? Калі казаць пра дзяржаўныя прадпрыемствы, то яны пра такія рэчы традыцыйна не задумваюцца ўвогуле. Яны спадзяюцца на дапамогу дзяржавы», – тлумачыць Вадзім Іосуб.

І гэтай дапамогі, імаверна, будзе ўсё менш, а валютныя ўклады зробяць не такімі прывабнымі. Ашчадная фінансавая палітыка балюча ўдарыць па дзяржаўных заводах. Але адмова ад яе паставіць Беларусь на мяжу чарговай дэвальвацыі.

Аляксандр Папко, belsat.eu