Наступная пяцігодка будзе лічбавай і прагрэсіўнай?


Наступная пяцігодка мае стацца лічбавай, эканоміка краіны мае ісці ў нагу з прагрэсам, – заявіў намеснік прэм’ера Аляксандр Турчын на адкрыцці Кастрычніцкага эканамічнага форуму KEN-2019 пад нечаканаю назваю «Нябачная рука Левіяфана». На якія тэмы 2 дні будуць дыскутаваць эксперты?

Парк высокіх тэхналогіяў – дзіця Кастрычніцкага эканамічнага форуму і белая варона ў беларускай эканоміцы: мае ільготнае падаткаабкладанне, стварае найбольш запатрабаваны прадукт, сёлета – гэта экспарт на $ 2 млрд.

Аляксандр Забароўскі, дарадца выканаўчага дырэктара МВФ:

«Прыклад Парку Высокіх Тэхналогіяў паказвае, што калі сутнасць тых эканамічных рашэнняў будзе распаўсюджаная шырока на беларускую эканоміку, гэта можа прывесці да выбуховага эканамічнага росту».

Падтрыманне бізнесу і лібералізацыя эканамічных рашэнняў – формула эканамічнага здароўя, якую эканаміст навукова даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук уключаў у шэраг адрынутых уладаю праграмаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця. Эксперт вінаваціць уладу ў крывадушшы:

«За дзень да гэтага Міністэрства антыманапольнага рэгулявання прыняло рашэнне аб рэгуляванні цэн на грэчку! Спадарства, калі на 25 годзе гэтак званых «рынкавых» рэформаў урад прымае рашэнне ў стылі безумоўнага «саўка», то гаворку пра тое, куды рухацца, можна закончыць!»

Сёлетні Кастрычніцкі эканамічны форум мае назву «Нябачная рука Левіяфана», і тэма ўступнай прамовы віцэ-прэм’ера Аляксандра Турчына – пра абмежаванне ўплыву дзяржавы (Левіяфана) на эканамічныя працэсы ў Беларусі. А таксама пра непазбежныя працэсы, якія віцэ-прэмʼер заклікае прыняць:

«Дзяржаўная палітыка можа ці падстроіцца пад хаду прагрэсу, ці ігнараваць яе. У першым выпадку прагрэс краіны паскорыцца. У другім пойдзе побач дзяржавы, пакінуўшы яе на ўзбочыне. Але затармозіць ці змяніць гэтыя працэсы ніхто не ў стане».

Чыноўнік прапанаваў наступную пяцігодку зрабіць лічбавай паводле назвы, духу і зместу. Робатызацыя і лічбавізацыя маюць стацца галоўнымі задачамі. У гэтай пяцігодцы асноўнаю мэтаю Урад вылучаў павышэнне якасці жыцця насельніцтва, рост да 15 % галоўнага эканамічнага паказніку – ВУП, а таксама вытворчасці працы, абʼёму прамысловай прадукцыі і інвестыцыяў у асноўны капітал.

На гэты момант – моцна адстаем ад планаў, а на год наступны Міжнародны Валютны Фонд прагназуе для нас запавольванне эканомікі ў 7 разоў. Яраслаў Раманчук, навукова-даследчы цэнтр Мізэса:

«На нафце і газе дабрабыту не пабудуеш, трэба рухацца наперад. Але рухацца не да лічбавага Левіяфана, каб дзяржава ставіла камеры ў кожным завуголлі і сачыла за грамадзянамі, а да свабоды. На жаль, канферэнцыя сабрала шмат прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці, якія размаўляюць толькі пра тое, як дамовіцца з гэтым самым Левіяфанам».

Дадаткова кожны патэнцыйны інвестар мае закласці ў свае бізнес-планы «маскоўскі фактар». Бо менавіта цяпер у непразрыстым рэжыме ідзе інтэграцыя Беларусі ў Саюзную Дзяржаву з Расеяй.

А падчас Форуму маюць разглядаць падрыхтаваную сумесна з Сусветным банкам дарожную мапу эканамічнага развіцця.

Юлія Цяльпук belsat.eu