Пітная вада. Адзін з асноўных прыродных рэсурсаў, без якога немагчыма ўявіць жыццё на Зямлі. Пры гэтым яе запасы штогод змяншаюцца. А сёння чалавецтва вычарпала гадавую норму рэсурсаў ды пачало жыць у экалагічны крэдыт.
Летась насельнікі Зямлі вычарпалі гадавую норму рэсурсаў нашай планеты на тры дні пазней, чым сёлета, кажуць даследчыкі навуковага цэнтру «Global Footprint Network». З кожным годам гэты дзень наступае ўсё раней, напрыклад, калі ў пачатку 1970-х ён прыпадаў на канец снежня, то ў двухтысячныя змясціўся ўжо на пачатак верасня.
«Выкарыстоўваючы неразумна рэсурсы сёння, мы абавяжам нашых дзяцей плаціць у некалькі разоў за іх больш, альбо яны могуць чагосьці і не ўбачыць», – гаворыць Яўген Філімонаў, старшыня ГА «Экаманіторынг».
У рэйтынгу выкарыстання і ўзнаўлення зямных рэсурсаў паводле вынікаў 2016 года нашая краіна была прыкладна ў сярэдзіне спісу – беларусы спажываюць на чвэрць больш прыроднага багацця, чым дазваляе натуральнае аднаўленне.
«Асобую ўвагу трэба адвесці вадзе, таму што праз дзясятак гадоў, а можа і нашмат хутчэй, вада стане самым асноўным і каштоўным прыродным багаццем», – дадае Яўген Філімонаў.
Каб вызначыць сярэдні паказнік экалагічнай запазычанасці для планеты, даследчыкі вылічваюць аб’ёмы спажывання розных біярэсурсаў – вады, лясоў, рыбы, і суадносяць іх са здольнасцю экасістэмаў аднаўляцца. Да прыкладу, лясы ў Беларусі паспяваюць аднаўляцца: калі 25 гадоў таму яны займалі 35 адсоткаў тэрыторыі краіны, то сёння – амаль 40 адсоткаў.
Мы ж запыталіся ў менчукоў, якія прыродныя рэсурсы трэба ашчаджаць у першую чаргу?
«Я ўвогуле веган, і я лічу, што экалагічная сітуацыя ў свеце цяпер кепская».
«Азёры трэба берагчы. Флору і фаўну азёраў і балотаў».
«Не тое, каб ашчаджаць, а трэба берагчы іх. Не выкарыстоўваць пластык, не смеціць»
«Ваду. Вада – гэта крыніца, якая амаль не ўзнаўляецца. Ва ўсім свеце вада – дэфіцыт».
«Нічога вечнага не бывае, усё калі-небудзь заканчваецца. Таму трэба ашчаджаць і лес, і ваду, і вугаль, і калійныя солі».
Каб забяспечыць сёння патрэбы ўсіх жыхароў Зямлі, чалавецтву патрэбная яшчэ амаль такая ж планета, як нашая. Канкрэтныя ж паказнікі залежаць ад той ці іншай краіны. Найбольш нерацыянальнае спажыванне рэсурсаў адзначаецца ў Катары, які сёлета пачаў жыць у крэдыт яшчэ ў лютым, а вось у Расеі ды Канадзе прырода аднаўляецца хутчэй, нягледзячы на дзейнасць чалавека.
Напрыклад, каб усе зямляне спажывалі рэсурсы, як Нямеччына, нам бы спатрэбіліся ажно тры планеты Зямля. А калі б гаворка ішла пра ЗША, то рэсурсаў спатрэбілася б столькі, колькі ўтрымлівае ўжо пяць Земляў.
Віталь Бабін, belsat.eu