«Нас ніхто не чуе!» Аксакаўшчына хоча мець інфраструктуру


На тысячу чалавек – ані аптэкі, ані ходнікаў, ані цырульні, ані культурных установаў. Жыхары вёскі Аксакаўшчына Менскага раёну звяртаюць увагу чыноўнікаў на адсутнасць інфраструктуры. Ужо 20 гадоў. Паселішча з блокавымі дамамі налічвае тысячу жыхароў. Сярод іх – дзвесце дзяцей.

«Акрамя садочка – ніякіх адукацыйных, забаўляльных установаў у нашым пасёлку няма», – адзначае маладая маці Вераніка Вярсоцкая.

Маладыя маці звяртаюць увагу: на гурткі дзяцей даводзіцца вазіць у Менск, і тое, толькі тым, хто мае машыну. Што датычыць грамадскага транспарту…

«Вось тут вось, калі ласка, дзе гандаль цяпер развярнуўся, дзеці зʼязджаюць у школу. Прыязджае школьны аўтобус, прыязджаюць маршруткі. Месца абсалютна неабсталяванае. Пры тым тое месца, дзе стаяць дзеці, яно яшчэ абсалютна скразное, там ездзяць машыны, таму што там больш-менш роўная дарога», – паказвае нам маладая маці Марына Мурацікава.

Роўная дарога ж у Аксакаўшчыне – зʼява рэдкая. Мясцовыя жыхары кажуць:

«Дарогі ўсе пабітыя ў нас».

«Дзеці ходзяць з ліхтарыкамі ў школу. Дарогі, вы самыя бачыце, якія. Хадзіць цяжка, не тое што на машыне ездзіць».

«Вось такія віды. Тут ужо не адзін чалавек нагу зламаў».

За нармальнае пакрыццё жыхары вядуць перапіску з чынавенствам вось ужо два дзесяцігоддзі.

«Спачатку нам увесь час абяцалі. Вось мы вас налета ўключым у гэткую праграму, і называлі, як праграма называецца, і мы шчыра верылі, потым аказвалася, што гэтых праграмаў увогуле не існавала, і так з году ў год», – распавядае жыхарка Аксакаўшчыны Марыя Дашчынская.

Каб спраўдзіць, чаму так адбываецца, тэлефануем кіраўніцы справамі Гаранскага сельвыканкаму Вользе Аўтуховай: у Гаранскі сельвыканкам.

«Пісалі звароты, мы ім адказвалі пісьмова. Падымаць трэба звароты, разглядаць».

«А можаце таксама для нашых гледачоў, каб мы паказалі вашую пазіцыю, у чым праблема, чаму?..»

«Ой, гэта вам трэба са старшынёй Вольгай Пятроўнай».

Аднак да старшыні датэлефанавацца ў працоўны час не ўдалося. Няма ў Аксакаўшчыне ані цырульні, ні пабытовых паслуг ці рамонтаў, ані нават аптэкі.

«Добра, калі машына ёсць. А калі няма? Такія выпадкі, як цытрамон, аспірын, сардэчныя кроплі – тое, што нам трэба. Пра аптэку гаварылася шмат разоў, але нас ніхто не чуе», – кажа нам адна з мясцовых.

Нядаўна жыхары пералічылі ўсе свае скаргі ў адной петыцыі ды звярнуліся ў Дзяржаўны камітэт маёмасці, Менскія райвыканкам і савет дэпутатаў з прапановаю…

«…вырашыць пытанне пра перадачу неэфектыўна выкарыстанай маёмасці з уласнасці Рэспублікі Беларусь у бясплатнае карыстанне недзяржаўнай юрыдычнай асобе (…) «Крыніца магчымасцяў» для стварэння актуальнага сацыяльна значнага аб’екту на сяле».

У арганізацыі адзначаюць, што гатовыя шукаць сродкі на гэта самастойна.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»