Народ устаў на абарону справядлівага кіраўніка перад чыноўнікамі. І перамог!


У Беларусі адбылася рэвалюцыя, якая скончылася поўным поспехам пратэстоўцаў. Што праўда, пакуль што ў маштабах аднаго асобна ўзятага калгасу. У Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці чыноўнікі спрабавалі прадавіць сваё рашэнне, але народ даў неспадзявана рашучы адпор. Ігар Кулей з падрабязнасцямі гісторыі пра тое, што калі трымацца грамадою, то ніхто не зможа навязаць сваю волю.

«Яны прыехалі да нас на нарад а сёмай раніцы і з кветкамі і музыкай заявілі нам, што ён звольнены!»

Гаворка пра кіраўніцтва Акцябрскага раёну, якое прыехала ў вёску Валосавічы, каб паінфармаваць рабочых мясцовага аграпрадпрыемства «Някрашынскі» аб тым, што ад сёння іхны дырэктар Васіль Пятровіч Лаханскі звольнены. І гэта нягледзячы на тое, што дамова кіраўніка калгасу скончыцца толькі ў студзені наступнага году. У тую ж хвіліну «някрашынцы» узнялі бунт.

Працаўніцы ААТ «Някрашынскі»:

«Яны сёння вырашылі Лаханскага зняць, бо ім трэба нейкага свайго сябра тут прыгрэць. Але так па-свінску нельга прыбіраць людзей!»

«Мы на выбарных сходах пераабіралі яго з года на год. Хто яго абіраў? Не вы, а мы! Але чамусьці без нашае згоды яго ўзялі і проста выкінулі!»

«Летась яго ўзнагародзілі медалём, а сёння яго выкідаюць. Чалавеку ў душу нагадзілі!»

Дырэктара Лаханскага тут паважаюць усе. Мужчына амаль 20 гадоў займае гэтую пасаду. Мясцовыя кажуць, што заробак заўсёды плацілі на час. А гаспадарка худа-бедна, але развіваецца, у адрозненні ад суседзяў, якія даўно спынілі сваю дзейнасць.

Працаўніцы ААТ «Някрашынскі»:

«Калі б вы бачылі, ён да нас падышоў на хвілінку, мы кажам яму, – Пятровіч, Пятровіч. Мы заплакалі, і ён заплакаў. І ён пайшоў, бо так яму крыўдна было».

«У раёне засталіся 2 гаспадаркі, астатнія ўсе разваленыя і ў галечы. Што яны нам прышлюць, дырэктара са Светлагорска, як у Парэччы? Што жыве ў Светлагорску і прыедзе сюды, каб пахадзіць ды паглядзець? Два-тры гады і хана будзе нашай гаспадарцы».

«Суседнія вёскі так і паразвальвалі. Паставілі новых кіраўнікоў, а пры іх усё прапала. Вось і да нашага калгасу дабраліся, хочуць і наш разваліць».

«Яго здымаюць. Але за што? Мы не выйдзем на працу, пакуль нашага кіраўніка не пакінуць на пасадзе».

Пабачыўшы такі адпор, раённыя чыноўнікі рэціраваліся, адзначыўшы, што рашэнне прынятае і мяняць яго не будуць. Супакоіць натоўп прыехалі чарговыя чыноўнікі, гэтым разам з прафзвязу.

Працаўнікі ААТ «Някрашынскі»:

«Вы нам адновіце калгас? Не адновіце! Вы толькі разваліць яго можаце!»

«Гэтыя прафсаюзнікі толькі патрабуюць, каб мы кароў у абед даілі, а нашыя лёсы іх не цікавяць!»

Сваё рашэнне пра зняцце дырэктара Лаханскага з пасады раённае начальства не падмацавала ніводным аргументам. Разгубленыя супрацоўнікі «Някрашынскага» запыталіся пра гэта непасрэдна ў свайго кіраўніка.

Васіль Лаханскі, дырэктар ААТ «Някрашынскі»:

– Недастаткова з вамі працуем і недастатковыя паказнікі для нашае гаспадаркі.

– Але ж у нас найлепшыя паказнікі па раёне!

– Я зразумеў, што самы галоўны патэнцыял у нас гэты вы!

У выніку пад петыцыяй, каб пакінуць Лаханскага на пасадзе дырэктара, падпісаліся ўсе да апошняга рабочыя «Някрашынскага». А вярнуцца да працы паабяцалі толькі пасля выканання свайго патрабавання. Працаўніца ААТ «Някрашынскі»:

«Вы там сабе за ноч вырашылі. Лёгка знялі чалавека, хутка знялі, за адну хвіліну знялі. Дык вось давайце зараз цягам хвіліны стаўце чалавека назад!»

І небывалы для Беларусі цуд здарыўся. Жалезная заява раённага чынавенства аб тым, што рашэнне прынятае і мяняцца не будзе дало расколіну. Лаханскага пакінулі на пасадзе дырэктара. А беларусы атрымалі красамоўны прыклад таго, што сіла ў салідарнасці.

Ігар Кулей, belsat.eu