«Народ расслабіўся». Падчас пандэміі расце махлярства


Так гэтая цудадзейная прылада, кажа прадавец, абараняе і нават лечыць ад каронавіруса. Кошт – усяго тысячу рублёў. Апарат, як абяцае інструкцыя, знішчае любы вірус звышвысокачастотным электрамагнітным полем. А калі ўключаць яго рэгулярна, то мусіць запусціцца, цытата, «эфект самааднаўлення арганізму».

Прадавец Дзмітрый кажа:

«Купляюць. Ну вось у мяне ў самога ёсць такі прыбор».

Дактары ж да інфармацыі пра спосаб засцерагчыся і нават вылечыцца ад каронавіруса ставяцца інакш.

«Гэты прыбор, пра які вы пыталіся, заснаваны на – у двукоссе возьмем – на біярэзанансавай тэрапіі. У мяне вялікія сумневы, што гэта будзе працаваць. Заяўляючы, што гэта можа вылечыць каронавірус, тое, што цяпер актуальна, трэба думаць, што яны ўжо вывучылі біярэзананс гэтага каронавіруса. Ну тады пакажыце свае даследаванні», – тлумачыць галоўны лекар 3-й дзіцячай больніцы Максім Ачэрэтні.

У эпоху пандэміі, калі для захавання здароўя і жыцця не шкада ніякіх грошай, ашуканцы пачынаюць свой бізнес. Мянчанка Алена Ходас замовіла ў інтэрнэт-краме 10 рэспіратараў, цана аднаго была 15 рублёў. А атрымала…

«…10 вось такіх тканінных масак. Наколькі я разумею, тут нават 2 нямодныя пласты, цяпер, кажуць, 3 трэба», – скардзіцца Алена.

Прадпрымальніка, які замест запатрабаваных цяпер рэспіратараў прадаваў па 15 рублёў тканінныя маскі, ужо затрымалі. Але ашуканцы робяцца вынаходлівымі ды могуць прапаноўваць што заўгодна: продаж непатрэбных рэчаў, дастаўку харчоў, абмен заражаных грошай, дэзынфекцыю кватэраў. І ў групе рызыкі не толькі пажылыя людзі.

«Я не выключаю, што ў групу рызыкі трапяць і маладыя людзі, якія селі на самаізаляцыю і проста яны з гэтым не сутыкаліся. Народ за апошнія гады расслабіўся, таму што сітуацыя з крыміналам, у параўнанні з 90-мі, у краіне выраўнавалася, людзі шмат чаго не баяцца», – кажа спецыяліст у пытаннях бяспекі, юрыст Андрэй Сыцько.

Мы вырашылі праверыць, ці так проста трапіць у падʼезд і кватэру для таго, каб іх нібыта дэзынфікаваць.

«Добры дзень, дэзынфекцыя кватэраў ад каронавіруса. Пусціце нас. – Так, зараз».

«Хто вас запрашаў у маю кватэру?»

«У кватэру не пушчу, у падʼезд можна».

І так адказваюць амаль ува ўсіх кватэрах. Толькі адзін раз з 15 дзверы адчынілі і гатовыя былі ўпусціць у кватэру. А вось трапіць у падʼезд было нашмат прасцей – дзверы адчынілі практычна ўсе. Андрэй Сыцько рэкамендуе не адчыняць незнаёмым дзверы ў падʼезд, ведаць тэлефонныя нумары свайго ўчастковага, паліклінікі ды сацыяльных службаў, памятаць, што валанцёры прыходзяць па запыце жыхароў і павінны мець пры сабе пасведчанне асобы. Пільнасць – сёння верны спосаб не даць разгуляцца ашуканскаму каронабізнесу.

«Калі ўзнікне пытанне беспрацоўя даволі сурʼёзнага, то я думаю, што мы можам чакаць усплёску крыміналу. Пачынаючы ад махлярстваў, заканчваючы рабаваннем у кватэрах», – кажа спецыяліст у пытаннях бяспекі, юрыст Андрэй Сыцько.

Пра выпадкі махлярства міліцыя просіць паведамляць праз нумар 102.

Алена Дубовік, «Белсат»